Читать онлайн «В когтях ГПУ»

Автор Франтишек Олехнович

Францішак Аляхновіч

У капцюрох ГПУ

Ax, як там добра…

Вiльня

А было гэта гэтак.

Група паслоў польскага сойму левага кiрунку вярнулася з Менску. Большасьць сярод гэтых «экскурсантаў» былi беларускiя паслы.

— Ну, i як там у Менску?

— Гм… О!. . Ого!. .

— Узапраўды?

— О, яшчэ як!

— Далiбог?. .

— Эге!. .

— Беларускiя школы?

— Тысячы! Уся савецкая Беларусь пакрыта густой сеткай школ…

— Беларускiх?

— Беларускiх.

— Унiвэрсытэт?

— Беларускi.

— Выдавецтва?

— О! Тыраж кнiжкi даходзiць колькiдзесят тысячаў… Госiздат плацiць вялiзныя ганарары… Зьявiлася шмат маладых выдатных талентаў…

— Што вы кажаце!

— Ага!

— Тэатр?

— О, тэатр!. . Каб вы бачылi!. . Каб вы былi ў тэатры!. . Тэатр!. . О-го-го!

— Рэпэртуар?

— Арыгiнальны i перакладны. Зьявiлася шмат беларускiх п'есаў: «Кастусь Калiноўскi», «Каваль-ваявода», «Вiр», «На Купальле»…

— Акторскiя сiлы?

— Ой-ой-ой!. . А якiя пастаноўкi!. . Дэкарацыi… балет…аркестра…

— Ну?

— Кажу вам.

— Няўжо-ж?

— Але… але!

— Гм…

Попутчiк найбольш цiкавiўся тэатрам.

Калiсь у Менску стараўся стварыць прафэсыянальны тэатр. Цяпер у гэтым-жа Менску, дзякуючы дзяржаўнай субсыдыi, ёсьць першарадны тэатр, дзе працуюць сапраўдныя акторы…

У старым езуiцкiм катэхiзiсе сярод пытаньняў i адказаў ёсьць, памiж iншым, гэткiя:

— Цi ў небе добра?

— Ax, як добра…

Гэтае «ах» узмацоўвала людзей у веры ў шчасьлiвае жыцьцё ў небе.

Гэтак сама дзеялi на Попутчiка «ахi» i «охi» Мятлы. Ён усё болей пераконваўся, што ў Менску…

…ах, як добра…

Пасьля яшчэ спытаўся:

— А як вам здаецца? Калi-б, на той прыклад, я туды паехаў?. .

— Дык-жа вас там чакаюць!

— Што кажаце! Была там гутарка аба мне? Успамiналi?

— I ня раз. Казалi, што вы ў Менску надта патрэбны.

— Дык думаеце, што я зрабiў-бы добра, калi-б паехаў?

— Бязумоўна! Там — вось поле да працы!

— Ну, як гэта… Як-бы сказаць?. . Тэрор?. . ГПУ… Памятаю, калiсь карысталася вялiкай папулярнасьцю «стенка»…

— Што вы… Але-ж гэта беспаваротна мiнавала. Гэта былi часы ваеннага камунiзму. Цяпер жыцьцё зусiм нармальнае.

— Ну, а як справы харчаваньня?

— Усяго колькi хочаш. Цяпер-жа НЭП… Магазыны завалены харчамi… А iкра!. . Ах, якая смачная iкра!. . Ну, толькi з мануфактурай труднавата.

— Дык, канец канцоў, кажаце, каб ехаць?

— Я на вашым месцы нi хвiлiны-бы ня думаў…

* * *

Гэтая гутарка адбывалася ў 1926 годзе.

У Вiльнi шырыла свае ўплывы «Грамада», захоплiваючы ўсiх; там, у БССР, яшчэ трывала распачатая Ленiным «перадышка», новая эканамiчная палiтыка i давала магчымасьць свабадней уздыхнуць. На рынках зьявiлiся прадукты вёскi, у крамах было даволi спажывецкiх тавараў.

Праводжаная энэргiчна, паводле загаду зьверху, беларусiзацыя ня надта падабалася старым расейскiм чыноўнiкам, якiя апанавалi ўсе савецкiя ўстановы ў Менску, але цешылася беларуская iнтэлiгенцыя з таго i гэтага боку гранiчнае мяжы. У беларускай сацыялiстычнай савецкай рэспублiцы беларусы бачылi свой П'емонт, якi злучыць парэзаныя рыскiм трактатам беларускiя землi.

Дык няма дзiва, што на Вiленшчыне шырылiся рэвалюцыйныя настроi, а вочы ўсiх зварачалiся на ўсход, дзе…