Читать онлайн «Збор твораў у 25 тамах. Том 6. Леаніды не вернуцца да Зямлі (Раман амаль што сентыментальны)»

Автор Владимир Короткевич

Уладзімір Караткевіч

Леаніды не вернуцца да Зямлі

Памяці друга майго Гераніма Стулпана – прысвячаю

УСЕ ІМЁНЫ І ПАДЗЕІ Ў ГЭТЫМ РАМАНЕ – ВЫДУМАНЫЯ. УСЯКАЕ ПАДАБЕНСТВА З ЛЮДЗЬМІ, ЯКІЯ РЭАЛЬНА ІСНУЮЦЬ, З’ЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.

© Алена Сінькевіч, 2015

© Кажамякін Г. В. , падрыхтоўка тэксту, каментарыі, пасляслоўе, 2014

© Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 2014

© ТАА "Электронная кнігарня", 2015

Прадмова аўтара

– У цябе няма фантазіі,– спакойна сказаў сябра.  – У словах наогул няма фантазіі, калі гаворка заходзіць пра працу. Вось паветраныя замкі будаваць – на гэта мы мастакі.

Я разумеў яго стан. Мы былі адны ў вясковай хаце, і за вокнамі шамацеў па бузіне абрыдлівы зацяжны дождж. Неба абклала хмарамі, і распатланы бусел стаяў на верхавіне сухой сасны, прыкрываючы крыламі малых. Жонка сябра паехала з маленькім сынам у горад і затрымалася там. Ноч даводзілася бавіць удвух за бутэлькай віна. Сябра быў відавочна раздражнёны і таму несправядлівы.

– Ствары мне свет, – сказаў ён, – свет вялікі, каляровы, цёплы, такі, як жывы. Каб я мог смяяцца і плакаць з гэтага свету, з людзей, якія ў ім жывуць.

– Гэтага нельга, – сказаў я, – кожны смяецца і плача сам за сябе. Ты можаш смяяцца з прычыны маіх слёз і плакаць ад майго смеху.

– Значыць, ты лічыш, што разумення паміж людзьмі няма?

– Мала, – сказаў я, – і ў меру гэтага разумення я магу па спрабаваць.

– Зноў прыдумаць слязлівую гісторыю пра тое, як Ганна кахала Івана?

– Можна і так. Пра гэта чалавек будзе апавядаць да канца дзён.

– А калі мне абрыдла?

– Нічога, – сказаў я, – тут адным каханнем справа не абыдзецца.

– Я хачу пра наша пакаленне, разумееш? Мы не толькі кахалі і працавалі, мы яшчэ і гінулі…

– І часта ні каханне, ні подзвіг, ні загібель не залежалі ад нас. Добра, будзе табе пра ўсё гэта.

Сябра ўстаў і паглядзеў на мяне. Цені ад свечкі бегалі па яго твары, і таму вачаніцы здаваліся вялізнымі і трагічнымі, а нос яшчэ даўжэйшым за сапраўдны.

– А ты ведаеш, што гэта непасільная задача?

– Я паспрабую.

– І я не стану палягчаць яе табе…

– Я і не патрабую.

– Наадварот, я прыдумаю нешта такое, каб зрабіць яе яшчэ больш цяжкай.

– Валі.

Ён хвіліну думаў. Потым кінуўся ў кут і выцягнуў з-пад ложка даволі вялікую пляскатую скрынку. Паставіў яе на стол, расчыніў.

– Сын не будзе ў крыўдзе, што мы трошкі пагаспадарылі ў яго калекцыі.

– Так, – сказаў я, – тым больш што мы ўсё пакладзём на месца.

І тады друг запусціў рукі ў скрынку, наўздагад выцягнуў адтуль некалькі прадметаў і паклаў іх на стол.

– Чаго толькі не збіраюць хлапчукі,– сказаў ён.

– Так, – сказаў я, – ім усё цікава.

– Дык вось, – сказаў друг, – усё гэта павінна быць у тваім апавяданні. І гэты медаль…

– Цяжка, – сказаў я, – на ім надпіс: «За ўціхаміранне польскага мяцяжу», а гэта было сто год таму.

– Усё адно. Усё гэта павінна быць. І медаль, і старыя канспекты, і сапсаваная аўтаручка, і пяро бусла…

– А галубінае можна?

– Можна… І рыбалоўны гачок, і гэты ржавы зазубраны асколак…

– Ну, гэта ўжо занадта. Медалю сто год, асколку – васямнаццаць, а пяру найбольш – год. Дзе ж тут адзінства часу?