Annotation
Гістарычны бэстсэлер канца 1980-х — пачатку 1990-х. Культавы твор беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Аўтар паставіў пад сумненне кананічнае на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў сцвярджэнне аб тым, што Вялікае княства Літоўскае — дзяржава балтаў-літоўцаў, да стварэння якой беларусы не мелі дачынення. Зараз па пытаннях ранняй гісторыі ВКЛ створаны новыя працы, аднак кніга М. Ермаловіча ўвайшла ў залаты фонд айчыннай гістарычнай навукі і гістарычнай публіцыстыкі.
ПРАДМОВА
1. НА ЎЗРОЎНІ ХVІ СТ.
2. ЦІ ТОЛЬКІ РАЗДРОБЛЕНАСЦЬ І СЛАБАСЦЬ?
3. ДЗЕ БЫЛА ЛЕТАПІСНАЯ ЛІТВА?
4. ЛІТОЎСКІЯ НАБЕГІ І СЛАВЯНСКАЯ КАЛАНІЗАЦЫЯ
5. ДЛЯ КАГО БЫЛА БОЛЬШАЯ ПАГРОЗА?
6. ШТО Ж ЗАВАЯВАЎ МІНДОЎГ?
7. ПАЛІТЫКА ВОЙШАЛКА І ДРУГАЯ ЗАВАЁВА ЛІТВЫ
ЗАКАНЧЭННЕ
КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА
notes
1
ПРАДМОВА
У гістарычнай навуцы ўмацавалася думка, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. бярэ пачатак ад заваёвы літоўскім князем Міндоўгам шэрагу беларускіх земляў, і ў першую чаргу так званай Чорнай Русі з гарадамі Новагародкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Горадняй ды інш. [1]. Здавалася б, такое рэдкае ў навуцы аднадумства павінна трымацца на бясспрэчных гістарычных сведчаннях. Але некалі яшчэ М. Дашкевіч заўважыў, што «ў верагодных крыніцах не дайшло да нас ніякіх звестак аб пакарэнні Літвой гэтага ўчастка»[2]. З таго часу прайшло больш за 100 гадоў, а ў руках даследнікаў не з'явілася ніводнай крыніцы, якая б пацвярджала «літоўскую заваёву» як гэтай, так і якой-небудзь іншай беларускай зямлі[3].
Нават У. Пашута ў сваёй вялікай працы пра ўтварэнне Літоўскай дзяржавы, дзе можна было б чакаць дэталёвага разгляду гэтай гістарычнай падзеі, гаворыць пра яе мімаходзь: «У Чорнай Русі, якой Міндоўг авалодаў у 40-х гадах ХІІІ ст. , выкарыстаўшы цяжкія для Рускай зямлі вынікі мангольскага нашэсця, княжыў яго сын Войшалк»[4]. І ўсё ж… гэты даследнік, кніга якога спрыяла яшчэ большаму ўмацаванню ў нашай гістарыяграфіі сцверджання пра літоўскую заваёву Беларусі, відаць, не быў упэўнены ў правільнасці гэтага ды іншых сваіх тэзісаў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, калі палічыў патрэбным адзначыць: «Далейшыя поспехі нашай навукі, магчыма, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і высноваў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш»[5]. Так, перагляд неабходны. Сучасная гістарычная навука, перад якой ставіцца задача ліквідаваць усе «белыя плямы» нашага мінулага, не можа мірыцца з бяздоказнымі сцверджаннямі, і таму пытанне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з праўдзівымі гістарычнымі сведчаннямі.
1. НА ЎЗРОЎНІ ХVІ СТ.
Як паказвае досвед чалавецтва, часцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, першыя старонкі якой да непазнавальнасці зацемненыя міфам пра «літоўскую заваёву» Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзнікненне адносіцца да ХVІ ст. , калі ішла зацятая барацьба Маскоўшчыны за беларускія землі (землі Вялікага Княства Літоўскага). Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалагічныя сродкі барацьбы. Патрэбна было абгрунтаваць «законныя правы» Масквы на Беларусь і Ўкраіну. Гэта і было адной з мэтаў літаратурна-публіцыстычнага твора «Сказание о князьях владимирских», які з'явіўся ў першай траціне ХVІ ст. Дзеля гэтага ў яго і быў улучаны раздзел «Родословие литовских князей», змест якога коратка зводзіцца да наступнага.