Читать онлайн «Дзеці Аліндаркі»

Автор Ольгерд Бахаревич

Альгерд БАХАРЭВІЧ

ДЗЕЦІ АЛІНДАРКІ

Раман

Маёй жонцы Юлі

“Справа не ў дакладнасьці нашай гісторыі.

А ў тым, хто бярэцца яе расказваць”.

Цэрынг Вангмо Дхомпа, тыбэцкая паэтка

1. МАЮ СЯСТРУ ЗЬЕЛІ ВАЎКІ

Маю сястру зьелі ваўкі.

Лёччыка так усхвалявалі гэтыя словы, якія толькі што невядома чаму прыйшлі яму ў галаву – быццам ён неўпрыкмет пракаўтнуў іх разам з чарнічным лістком, да якога прыклеіўся маленькі жук з сонечным блікам на сьпіне – што Лёччык ажно перастаў жаваць, выпрастаўся, заплюшчыў вочы і зь нейкім урачыстым жахам прамовіў:

“Маю сястру зьелі ваўкі”.

Голас прагучаў так, нібы належаў зусім ня Лёччыку, а камусьці іншаму.

Нібы нехта стаяў у Лёччыка за сьпінай.

Ён адплюшчыў вочы і азірнуўся – у плаўнай жэстыкуляцыі елак не адчувалася, на шчасьце, ніякага сэнсу, і міміка сонца ні на што такое не намякала. Але словы і праўда прагучалі так, нібы пасярод зарасьнікаў чарнічніку раскрыўся нейкі зялёны рот, паварушыў вуснамі і сказаў усё гэта – тое, што гаварыць нельга ні ў якім разе. Прынамсі, у прысутнасьці той самай сястры, якую цяпер не было відаць. Раз-пораз яна вынырвала сярод дрэваў, у самых нечаканых месцах, як з-пад зямлі, і Лёччыку здавалася, што Лёся капае там падземныя хады, а ня ягадамі ласуецца.

Вось зараз выскачыць проста ў яго з-пад ног, раскідаўшы мох, а чарнічныя кусты яшчэ калышуцца, а тая страшная фраза ўсё яшчэ вісіць у паветры, зачапілася за павуціньне і трымціць, нейкая недаказаная – хаця што ў яе мог быць за працяг, Лёччык ня ведаў. Накінецца на яго Лёся, засланіўшы сабой лагоднае сонца – і паваліць проста на чарніцы, і пачне душыць, душыць сваімі сінімі пальцамі-страшыдламі. Сінімі, сінімі, здымі! – не здыму! – і вочы Лёсіны блізка-блізка, з чырвоным, як на фатаздымках, адлівам. Ён уявіў сабе раптам, што ў Лёсі асадка пацякла ў кішэні, заліла ёй шорты, цячэ па нагах, яна засунула ў шорты руку, дастала асадку, а пальцы ўсе ў сінім, учэпістая такая сінь, давядзецца ўсё выкідваць, усё, нічога не адмыеш.

А ён жа не вінаваты, вінаватыя гэтыя кіславатыя, ачмуральныя шарыкі, пігулкі, ад якіх у галаву лезе розная чухня і цесна робіцца ў грудзях.

Чарніцы, чмурыцы, чарнадур, ды ня проста чарнадур, а нейкі чарнадур фортэ. І перад вачыма пераліваецца прыгожая, зялёная лясная луска. І дыхаць цяжка, і пальцы ня слухаюцца, жывуць, як самі па сабе. І ад чарніцаў не адарвацца.

Чарніцы і праўда дужа нагадвалі таблеткі, якія ім давалі ў лягеры. Тыя таблеткі было лёгка адрозьніваць па колерах. Цёмна-сінія – іх давалі пасьля сьняданку. Дзяўчаткі казалі, што гэта для памяці. Дзеўкі заўсёды ведаюць крыху больш – хаця ім, вядома, нельга верыць. Ад такіх сініх, амаль чорных пігулак робішся нібы зачараваны: што ні пачуеш, што ні пабачыш – нічога ўжо не забудзеш. І сапраўды, уначы ў лягеры кожны пражыты дзень успамінаўся ў такіх яркіх, навязьлівых падрабязнасьцях, што потым цяжка было заснуць. Памятаўся кожны рух, кожны гук: грукат лыжак ў сталовай, ці як паўзе ў неба сьцяг па мачце, і стрэл рэзанага ўдару над заўжды халодным, як магільная пліта, каменным пінг-понгавым сталом… Лёччык так і не навучыўся такому фокусу, а цяпер ужо і не навучыцца, відаць, ніколі. Там, куды яны едуць, наўрад ці будзе пінг-понг.