Читать онлайн «Страшны год»

Автор Франтишек Олехнович

Францішак Аляхновіч

Страшны год

НЕЧАКАНЫЯ ГОСЬЦІ

Я тады працаваў на электрычнай станцыі ў Вільні... У вячэрнія гадзіны тры разы на тыдзень мы зьбіраліся на лекцыі літоўскае мовы... Праз пару дзён ужо быў назначаны экзамэн, які меўся вырашыць пытаньне, хто з нас застанецца на працы, а хто — павялічыць лік беспрацоўных...

Гадзіна 6 увечары. Лекцыя скончылася. Разыходзімся. Я вяртаюся дахаты, думаючы аб блізкіх экзамэнах. Каб не “праваліцца”! Цяжка мне давалася літоўская мова!

І канчаючы ўжо шосты дзясятак гадоў майго жыцьця, я перанёсься ў шчасьлівыя дзіцячыя гады, калі пытаньне аб тым, ці вытрымаеш экзамэны і ці пяройдзеш у вышэйшую клясу, зьяўлялася найважнейшым. Цяпер пытаньне, што стаяла перада мной, было таксама не малой вагі: ці буду мець магчымасьць зарабляць на хлеб для сябе і сваёй сям’і? Сівы чалавек, бацька дзяцей, я перажываў перадэкзамэнацыйныя эмоцыі школьніка. Было мне і страшна, і сьмешна, і крыўдна...

Прыбліжаючыся да Зялёнага мосту, я глянуў і — адзервянеў. Праз мост у бок Кальварыйскай вуліцы каціліся–грукаталі нейкія вазы–скрыні. З круглых, адчыненых на іх вежаў высоўваліся галовы у шэрых сьпічастых шапках...

Гэта былі яны: бальшавікі!. .

Прафэсар М. Зьдзяхоўскі, які памёр перад сучаснай вайной у Вільні, не дачакаўшыся бальшавікоў, верыў, што бальшавізм зьяўляецца творам нячыстых сілаў. Ён, падыходзячы да справы містычна, зусім шчыра і паважна пісаў, што ў сучасны мамэнт пачынаюць збывацца прадбачаныя ў Апакаліпсісе падзеі...

Пры спатканьні з бальшавікамі мяне агартае страх. Гэта ня толькі ведамы кажнаму чалавеку страх сьмерці. Тут ёсьць нешта болей.

Хто з нас, пражыўшы больш за паўсотні гадоў, не глядзеў сьмерці ў вочы! Гэта іншы страх. Гэта страх дзіцяці, зачыненага ў цёмным пакоі, якое баіцца чагосьці нерэальнага. Гэта страх, які перажываем у сьне, змагаючыся зь нечым і ня могучы яго перамагчы, калі непаслухмяныя рукі ня могуць нанесьці забойчага ўдару, а ногі ня здолеюць варушыцца, каб уцячы...

І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам...

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся.

УЦЁКІ

Няздольны, як у сьне, да лягічнага разважаньня, я пабег да свае хаты. Там яшчэ нічога ня ведалі. “Бальшавікі прыйшлі!” — я першы прынёс гэтую вестку.

У гэты мамэнт мне здавалася, што я не павінен ні аднае ночы начаваць у сябе дома. Я сеў на аўтабус і паехаў у другі канец гораду да прыяцеля. Тут мы пачалі ўсебакова разважаць палажэньне. Мы прыйшлі да гэткага выснаву: бальшавікі тут ужывуць іншую тактыку, чымся ўсюды дагэтуль. Літва — незалежная дзяржава, Літва — што атрымала так нядаўна ад бальшавікоў Вільню, Літва — што падтрымоўвала прыязныя адносіны з СССР — перажыве працэс саветызацыі ў павольным тэмпе, шляхам эвалюцыйным. Ня будзе раптоўнай ломкі з НКВД, падваламі, расстрэламі. Яшчэ ня хутка пачне зямля гарэць пад нагамі. А цяпер яшчэ можна даўжэйшы час сядзець спакойна і глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Чорт яшчэ пакуль што будзе сядзець спакойна, схаваўшы свае капцюры ў рукавічках. Гэтак мы тады думалі, гэтак пацяшалі сябе ў гэты непацешны час.