Читать онлайн «Ніхто дабром не дасць збаўлення...»

Автор Сергей Песецкий

Сяргей Пясецкі

НІХТО ДАБРОМ НЕ ДАСЦЬ ЗБАЎЛЕННЯ…

Менская трылогія

Кніга трэцяя

.

«У гэтых людзях віруе сіла, бунт і энергія. Яны шчодрыя, добрыя і сардэчныя. Яны заўсёды гатовыя дапамагчы слабаму, беднаму, хвораму. Іхныя словы не разыходзяцца са справамі, ім можна даверыцца, яны ніколі не ашукаюць тых, з кім жывуць. Гэта адчайныя рызыканты, якія хутчэй успыхнуць і загінуць, чымся будуць шмат гадоў памалу гніць у спёртым паветры мяшчанскага пакойчыка. Іхны сцяг — гэта зіхоткі штандар фантазіі і шляхетнасці. Яны разбураюць умоўнасці. Перад імі адступае Смерць… Гэта не шакалы духу — ненасытныя і лютыя, калі адчуваюць сваю сілу; і гнюсныя ды подлыя, калі знаходзяцца ў прыніжаным становішчы. Гэта тыя, каго пераследуе і знішчае двудушны мешчанін, баючыся іх і адначасова захапляючыся імі».

«…У турмах і зладзейскіх бандах працэнт сапраўды сумленных людзей большы, чымся ў нармальным грамадстве».

«…Калі б думкі забівалі, мары спаўняліся, а жаданні спраўджваліся, то колькі б трупаў, рабункаў, крадзяжоў і гвалту меў бы на сваім сумленні кожны аўтаматычна сумленны жыхар зямной кулі?!»

«…Дурань, недарэка і баязлівец можа стаць міністрам, артыстам, правадыром, палітыкам, пісьменнікам, настаўнікам, святаром, але толькі знаходлівы, разумны і адважны чалавек можа быць прафесійным злодзеем».

Урыўкі з рамана Грамадзяніна «Туман»

1

СВАБОДА СВАБОДЫ І ЯСЕВА ВОЛЬНАСЦЬ

Разам яны жылі ўжо амаль год. Партнёры ва ўсім былі роўныя і ні ў чым не назалялі адно аднаму. Чэсік нават не размаўляў з каханкаю пра сацыялізм, бо Сабіна на гэта толькі дурасліва свістала або паказвала язык. Неяк яшчэ ў самым пачатку іх адносін яна абвесціла яму, што для яе гэта ўсё жульніцтва, падман і правакацыя. І яшчэ дадала, што ўсё гэта ёй да аднаго месца, да таго, дзе курыца трымае яйка. Чэсік спрабаваў пакрыўдзіцца: