Читать онлайн «Восень у Вільнюсе»

Автор Маргарыта Прохар

Маргарыта Прохар

Восень у Вільнюсе

Аповесці і апавяданні

© Прохар М. П. , 2014

© УП «Мастацкая літаратура, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Аповесці

Восень у Вільнюсе

Неўзабаве восень. Увосень мяне цягне ў Вільнюс. Я ўвесь «час успамінаю гэтую гісторыю. Мусіць, я не змагу яе забыць ніколі, калі гэтулькі часу мінула, а я ўсё памятаю.

Па сутнасці, маё жыццё, – а толькі за яго я магу адказваць, – гэта шлях ад адной гісторыі да другой. Але калі астатнія з часам губляюць фарбы і пачуцці, паступова расплываюцца ў глыбіні памяці, то гэтая ніколі не пакідае мяне, калі зноў прыходзіць восень.

І я паддаюся ёй, я еду ў Вільнюс.

Гарады і гісторыі… гісторыі і гарады… гісторыі гарадоў у гісторыі майго жыцця, гісторыі людзей і мая гісторыя ў гісторыі гарадоў. Вось як я магу заблытаць, па сутнасці, пустымі словамі, гульнёй гэтых слоў. Можа, я гэта раблю таму, што мне цяжка пачаць свой аповед. Я губляюся перад гэтым белым лістом паперы, на якім мне трэба вывесці такія словы, як каханне, надзея, сустрэча, адчай, жыццё і смерць. І для пачатку вывожу што прасцей. Проста Восень у Вільнюсе…»

Вось першыя словы, якія ўразілі мяне, калі я адкрыла гэты маленькі зялёны нататнік. Зрэшты, яны і зараз не пакідаюць мяне ў супакоі – гэтыя словы. І не толькі яны, але і ўсё тое, што адбылося з прыходам той восені.

Спачатку, мусіць, варта патлумачыць, хто я. Гэта мае сэнс яшчэ і таму, што з гэтага пачалася і ўся гісторыя: і зялёны нататнік, і пачуцці шматлікіх людзей, і знаёмства з прадаўцом шчасця на старой вільнюскай вуліцы, і сам Вільнюс для мяне, і, нарэшце, – гэтая восень у Вільнюсе…

Такім чынам, – пра сябе, пра тое, чым жа я займаюся. Праўда, мая прафесія не меркавала ніякай рамантыкі, пакуль не з’явіўся хтосьці, і не ўбачыў у ёй свой сэнс.

Наогул, я займаюся тым, што знаходжу згубленыя рэчы, згубленых котак і сабак. Гэта значыць шукаю ўсё, што губляюць людзі. А губляюць яны бясконца. З аднаго боку, гэта дрэнна, з іншага боку – гэта мой заробак. Так я зарабляю сабе на жыццё. Такая ў мяне праца. Часам – сумная, часам – смешная, часам шмат чаму вучыць мяне: бачыць дробязі, рабіць высновы са скупых фактаў і чужых слоў. І, калі дарогу перабяжыць чорны кот, я, мусіць, буду адзіным чалавекам, хто ў гэты момант падумае: а можа, ён згубіўся?

Вось так я паступова падыходжу да таго дня. Гэта быў звычайны дзень пачатку восені. Дворнікі зграбалі лісце, яшчэ мокрае ад ранішняй расы. Іх граблі і лапаты ўдаралі па асфальце, нібы гралі пахавальны марш апалай лістоце, і купкі жоўтага лісця былі падобныя да помнікаў восені. Адна з іх жаўцела ля дзвярэй маёй канторы. Звыкла скрыгатнуўшы ключом, я з другой спробы адчыніла дзверы ў цёмны калідор. Ну вось і мой кабінет. Наведвальнікаў у гэты час звычайна не бывае, але ўсё ж я прыходжу рана: а раптам? Або, можа, я прыдумала гэта для сябе, каб стварыць ілюзію справы – амаль на досвітку працоўная раніца, своечасова адчыненыя дзверы паводле таблічкі на іх. Я ведала, што гэта ілюзія, але ўсё роўна прыходзіла сюды з самай раніцы. Хоць і зараз буду пакутаваць да абеду – чакаць і чытаць кнігу. Я ўжо дастала яе з шуфлядкі і адкрыла на ўчарашняй недачытанай старонцы, як раптам раздаліся крокі і ўвайшоў наведвальнік.