Кірыла Анохін
Асцярожна, дрэвы зачыняюцца
Вершы
2012
Рэдактары Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч
Дызайн вокладкі Nick Antipov
Вёрстка Веры Бохан
Мастак Крысціна Карбоўская
Карэктар Алена Пятровіч
lit-bel. org
* * *
на небе няма вёдраў
яно проста лье
як з вядра
і між намі не ноч
а проста цёмна
як ноччу
і мы не адны
мы проста цэлае
як адно
пакуль не стала светла
пакуль не скончыўся дождж
і мы ляжым тут удваіх
давай спадзявацца
што нас ніхто не заб’е
мы проста будзем спаць
як забітыя
* * *
там звонку
на кожнай вуліцы
халодна мокра і брудна —
ты нікуды не выходзіш
з галавы
* * *
заўтра
каб паспець сустрэцца
з табой
трэба прачнуцца
а лепшай гадзіне
хаця
і гэта запозна
* * *
раней
кожны ўчынак
патрабаваў тваёй ацэнкі
цяпер
ён проста
патрабуе
цябе
* * *
твой узрост
вагаецца
на грані голасу
краі броваў
у якім няма выхаду
да мора
дык колькі табе?
усе даюць столькі
колькі ты й маеш
а я б аддаў усё
* * *
штоночы
танчачы голым у полі
я буду выклікаць
дождж
каб ён даваў табе расці
каб кожную раніцу
бачыць
як
распускаюцца
твае вочы
* * *
калі я буду тануць
у наступным возеры
вазьмі свае рукі
і зачапіўшы мяне за жывое
выцягні яго
* * *
табе бракуе моцы
каб стрымаць сваё слова
яно ўцякае й гучна селіцца ў маім вуху
ты абхопліваеш мочку вуснамі
праводзіш языком па ракавіне
і
забіраеш сваё слова назад
* * *
хацеў выбіць шыбы
а там вясна
хацеў разбіць голаў
а там ты
* * *
раскажы мне
пад сакрэтам
пад коўдрай
толькі між намі
казку
пра ноч
і яна здзейсніцца
пад сакрэтам
пад коўдрай
толькі між намі
* * *
хто калі не я
каго
калі не цябе
* * *
вось і ўсё
а я чакаў усяго толькі
толькі і ўсяго
ну вось
і ўсё
* * *
знікла без вестак
гады таму
раніцай
выйшла з пены марской
і не вярнулася
* * *
люблю
калі ты
любіш
калі я
* * *
тут няўтульна
голая сцяна
прыкрывае сорам гадзіннікам
як і я
паказваючы
што час ісці
* * *
падчас сеансу пытанняў
лёгкія лунаюць вакол нас
цяжкія падаюць мне ў лоб
а тыя
на якія я не магу адказаць
віснуць у паветры
ўтвараючы пятлю
прызначаную
для маўчання
* * *
мне дваццаць тры
а табе трынаццаць
разам нам 36
значыць
кожнаму па 18
калі мы разам
мы адчуваем сваё паўналецце
і робім
як паўналетнія
.