Читать онлайн «Над ракою Арэсай»

Автор Янка Купала

Янка Купала

Над ракою Арэсай

Замест уступу

Шмат злажылі казак, I легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. А не чуў я песні Пра жыццё камуны, Слаўных камунараў, 3 сваёй справы думных. Як яны аддана У глухое далі Для ўсяго Саюза Славы прыбаўлялі. А не чуў я песні I праўдзівых сказаў, Што і камунаркі Йшлі змагацца разам. Як на топкім полі Ў грамадзе рабочай Сіл не шкадавалі I красы дзявочай. А не чуў я песні Пра герояў працы, Змусілі што багну Сабе пакарацца. Як, супроць ідучы Цяжкасцей трывожных, Выйшлі на шлях роўны, Выйшлі пераможна. I не чуў, не чуў я Новых гулкіх песень, Што пяе сягоння Новае Палессе.

Аб мінулым

Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай… Прысніла Палессе Мінулыя годы. Былі тут калісьці Багнішчы-балоты, Ў дрыгве прэла лісце, Асокі, чароты… Ідзе чалавек там,— Засмокча смугою, Са стогнам і крэктам Загіне з душою. Звер блукае дзікі Ў пагоды, ў імжакі, Гусей дзікіх клікі, Гадзюкі, вужакі… Мядзведзь смокча лапу Ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Дзік ходзіць з дзічыхай, За ім — табун воўчы. Ўсялякае ліха — Ў дзень белы і ўночы. Там-сям човен вузкі, Нібы дамавіна, Прасунецца ў грузкіх Катлінах-багнінах. Адно з вясной яснай Палессе ускрэсне, Спаткае няшчасна Вясну і прадвесне. Свой спеў салавейка Ў галлі адшчабеча, Аб шчасці жалейка Гаротна ад'енча. Скукуе зязюля Адвечнае ку-ку, Паліча бабуля, Ці шмат яшчэ мукаў. А там зноў магілай Палессе замоўкла, Зноў спіць яго сіла Пад багнай пажоўклай. А людзі? а людзі? — Іх мала-нямала,— Упаўшыя грудзі, Бяда ўслед навалай.
Між топкіх багнішчаў, На выдмах пясчаных, Як на папялішчы, Рад хат, бы курганаў. Жывуць людзі ў хатах, Плятуць сабе лапці, Каб з торбай у латах Пайсці жабраваці. Пад шум бесканечны Бярозаў і соснаў Сахой недарэчнай Аруць пясок млосна. Іх розум балота Трымае палонна,— Красуе цямнота, Растуць забабоны. Легенды і казкі Прыгонных законаў Паўзуць мохам вязкім, Багуннем зялёным. Праз леты і зімы Паданне йшло ў векі: — Палешукі мы, А не чалавекі!

Зашумела, загуло…

I

Зашумела, загуло, Бы землетрасенне, На палескае сяло Найшло утрапенне. Люду хмара наплыла, Покліч птушны ўзвіўся, Небам сіняя імгла… Скуль яны ўзяліся? Украінцаў тут гурма Й старобінцаў нашых Набрыло, як на кірмаш, На багнаву пашу. Безлік хлопцаў-звадыяк, Дзядзькаў барадатых,— Пілы вострыя ў руках, Тапары, лапаты. Што-та будзе тут цяпер? «Нічога не будзе!» — Хітра думалі ў чацвер Палескія людзі. А ў нядзелю, чуць зара, Сякеры запелі, Ад лапат балот кара Рвецца ў тошсім целе. Шум і гоман навакол, Як на тым ігрышчы, А лапаты рэжуць дол, А сякера свішча. Рыюць людзі топкі торф У вадзе па пахі, А у жылах бурліць кроў,— Багна ім не ў страхі! Яны знаюць, што ўжо так Не быць, як калісьці, Што пакінуць яны знак Вялікай карысці. За канавай — як струна — Новая канаваі, — Ўсе падобны, як адна, I злева, і справа. Спанаваў звярыну страх, Ад людзей страх гоніць — Па тарфянні, па карчах, За гонямі гоні… На гектары абнялі Канавамі нетры, Далей мераць пачалі Ўжо на кіламетры. Магістралі прад табой — Не змераць і вокам,— Тарфянішча прад сяўбой Блізкай, недалёкай. Магістралі, дрэнажы Шляхі ў багне значаць… Ой, дарэмна варажыў Паляшук няўдачу! Недабачыў паляшук 3 хаты безаконнай Дзён надходзячых без мук, Без трудоў прыгонных. Раскаваў балота з пут, 3 дрыгвы непраходнай Гераічны вольны люд Працаю свабоднай.