Читать онлайн «Акно ў замежжа»

Автор Зоя Доля

Зоя Доля

Акно ў замежжа

© Доля З. , 2015

© ПУП «Кнігазбор», 2015

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Раман

Вера

1

Яе звалі Вера. Ёй было крыху за трыццаць. Яна нарадзілася і вырасла ў Мінску. Той рэліктавы, рэдкі тып карэннай мінчанкі, бацькі і дзяды каторай заўсёды жылі ў Мінску, у старым Мінску, ад якога амаль не засталося следу. Падчас Другой сусветнай вайны Мінск быў бязлітасна разбураны. Сярод руінаў, бітай цэглы, заваленых друзам вуліц узвышаліся рэдкія ацалелыя будынкі. У горадзе, на аскепках былога даваеннага жыцця, заставалася некалькі дзясяткаў тысяч ацалелых жыхароў. Мінула крыху больш за паўстагоддзя, і горад ператварыўся ў двухмільённую новазбудаваную сталіцу. Мінск – горад «панаехаўшых». Сталіца ўсмоктвала ў сябе правінцыю, жывілася ёй, перарабляла, перакручвала на свой капыл. Сям’я Веры тым часам пражывала ціхае жыццё карэнных мінчанаў, згубленых сярод напорыстых «панаехаўшых» і іх нашчадкаў, падпарадкоўваючыся лёсу і абставінам, перажываючы разам з горадам усё, што выпала на яго долю як цяпер, так і ў былыя часы.

– А ты ведаеш… мая родная бабка загінула ў засценках КДБ, а можа, у лагеры ў Сібіры… Ёй далі дзесяць гадоў без права перапіскі. Уляпілі па поўнай праграме, – нечакана сказала Вера.

Дзве маладыя жанчыны сядзелі на адкрытай тэрасе кафэ з відам на Нямігу. Адна з іх – Вера, другую звалі Ліда. Яны не былі блізкімі сяброўкамі, хутчэй прыяцелькамі. Зрэдку сустракаліся пабалбатаць. Непадалёку ад тэрасы доўгая лесвіца з вуліцы Багдановіча падымалася на гару. Уверх і ўніз па лесвіцы няспынна ішлі людзі.

На другі бок вуліцы, запруджанай машынамі і аўтобусамі, віднелася царква, невялікая, з высокімі вузкімі стрэльчатымі вокнамі і купаламі, нібыта згубленая ў часе сярод гаму і тлуму сучаснага горада.

Прыяцелькі елі марожанае са шкляных, на высокіх ножках крэманак. Яны толькі што адабедалі за бутэлькай віна, падчас абеду вялі свецкія размовы пра новыя тэндэнцыі сусветнай моды: тканіны і сілуэты, колеры і аксесуары, выбітныя калекцыі адзення на еўрапейскіх подыумах. Абедзве былі мадэльерамі паводле адукацыі.

Вера задуменна патупіла позірк у шкляную крэманку. Рудыя стрыжаныя хвалістыя валасы, закладзеныя за вушы, адкрывалі твар з прыемным мяккім авалам. Доўгая грыўка, зачасаная над ілбом на правы бок, была прышпілена да валасоў заколкай, аздобленай дробнымі каменьчыкамі празрыстага шклярусу. Вера паматляла металічнай лыжачкай над марожаным і кінжалам уторкнула яе ў белую халодную масу.

– Дзесяць гадоў без права перапіскі, – глуха паўтарыла яна сказанае.

Прыяцелька паёжылася. Яна была шакавана. Чужая таямніца навалілася на яе і бянтэжыла. Так нечакана, здаецца, ні з таго ні з сяго.

– Навошта ты мне пра гэта гаворыш? Я б ніколі нічога падобнага не магла падумаць. Ты б не сказала, я б і не ведала.

– А я хачу расказаць. Мне трэба з кімсьці падзяліцца. Я ведаю, што ўсё застанецца між намі, ты нікому не скажаш, – упэўнена сказала Вера і, холадна зачапіўшы позіркам лыжку ў марозіве, выдыхнула, – А калі на тое пайшло, то мне наогул пляваць. Я ўсё адно з’язджаю ў Канаду.