Читать онлайн «Злачынства, сэр!»

Автор

Карэл Чапэк

Злачынства на пошце

— Справядлівасць, спадару... — казаў жандарскі вахмістр Брэйха. — Хацеў бы я ведаць, што гэта на карцінах за кабеціна з павязкаю на вачах ды з шалямі, быццам яна перац прадае. Я думаю, што Справядлівасць выглядае як жандар. Вы б не паверылі, якія справы мы, жандары, вырашаем без суддзяў, без шаляў ды іншых цырымоніяў. У нейкіх няважных выпадках проста дамо ў морду, у важнейшых здымем папругу: у дзевяноста выпадках са ста гэта і ёсць справядлівасць. Вось я вам раскажу, спадару, як я надоечы сам выкрыў двух забойцаў, сам ім прысудзіў справядлівае пакаранне і сам гэтае пакаранне выканаў. І пры гэтым ані слоўца нікому не сказаў. Дык слухайце, зараз я вам раскажу.

Ці памятаеце вы, спадару, дзяўчыну, што два гады таму працавала тут у вёсцы на пошце? Ага, Гэленай яе звалі, такая добрая і мілая дзяўчына, прыгожая, як лялька. Яшчэ б вы яе не памяталі. Дык гэтая Гэля, спадару, летась утапілася: скочыла ў сажалку ды йшла метраў пяцьдзясят, пакуль не дайшла да віроў. Толькі праз два дні і выплыла. А ведаеце, чаго яна гэта зрабіла? У той дзень, калі яна ўтапілася, з Прагі раптам прыбыла рэвізія і высветліла, што ў Гэлі ў касе не стае двухсот крон. Няшчасныя дзве сотні, разумееце?! Рэвізор-ёлуп ёй і кажа, што павінен будзе пра гэта паведаміць вышэй і што гэта будзе расследавацца як крадзеж. У той самы вечар, спадару, Гэля з ганьбы і ўтапілася.

Калі яе выцягнулі на грэблю, я мусіў застацца пры ёй, пакуль не прыедзе камісія.

У ёй, гаротніцы, не засталося ўжо нічога прыгожага, але я так і бачыў, як яна смяецца за тым акенцам на пошце. Карацей, усе мы добра яе зналі, гэта праўда, і ўсе любілі. Чорт, кажу я тады сабе, гэтае дзяўчо не магло скрасці дзве сотні: па-першае, я проста не магу ў гэта паверыць, а па-другое, навошта ёй было красці: у яе таты там, на другім баку, млын, і яна пайшла на пошту проста так, з жаночага самалюбства, бо сама хацела зарабляць на хлеб. Тату я добра ведаў, спадару, гэта быў нейкі пісар, да таго ж яшчэ евангеліст, а я вам скажу, што гэныя евангелісты ды спірытысты ў нас ніколі не крадуць. Калі тых дзвюх соцень на пошце няма, іх мусіў скрасці хтось іншы. Тады я і паабяцаў мёртвай дзяўчыне, што так гэтага не пакіну.

А тым часам, на пошту часова прыслалі нейкага маладзёна з Прагі, ягонае прозвішча было Філіпэк, такі спрытны й зубасты хлапец. Дык да гэтага Філіпэка я на пошту і пайшоў, каб хоць штосьці разнюхаць. Там, ведаеце, усё, як і паўсюль на малых поштах: ля акна столік, а ў гэтым століку ў шуфлядзе грошы і маркі. У паштара за спінай гэтакі стэлаж, а на ім розныя тарыфныя каталогі, паперы і шалі, каб важыць пасылкі і ўсё такое.

— Спадару Філіпэк, — кажу я яму, — будзьце ласкавы, гляньце ў вашых тарыфах, колькі б каштавала, скажам, тэлеграма ў Буэнас-Айрэс?

— Тры кроны за слова, — кажа гэны Філіпэк зусім сабе спакойна.

— А колькі б каштавала экспрэс-тэлеграма ў Ганконг? — зноў пытаюся я.

— Трэба пашукаць, — кажа Філіпэк, падымаецца і паварочваецца да стэлажа. І пакуль ён гартае старонкі з тымі сваімі тарыфамі, стоячы да стала спінай, я праціскваюся плячыма праз акенца, дацягваюся рукой да шуфляды з грашыма і адчыняю яе. Трэба сказаць, адчынілася яна досыць лёгка і ціха.