Annotation
Зямля продкаў, яе мінулы і сённяшні дзень, лёс людзей, якія жывуць і працуюць на гэтай зямлі — вось галоўнае, што хвалюе паэта. Ёсць у зборніку і вершы на гістарычную тэму («Дзекабрысты», «Францыск, Скарынін сын», «Казімір Лышчынскі» і інш. )
1
2
3
4
1
* * *
Каташкі на вольхах, каташкі...
Нібы залатымі кутаскамі,
Зноў паабчапляліся ляскі
Ля маёй Дубровы каташкамі.
Край бацькоўскі! Я ізноў жыву!
Тыя ж хмаркі белыя ў блакіце,
Так жа каня падае ў траву,
I жаўцее лотаць у ракіце.
Ля дарогі рупны трактарок
Ходзіць полем з жаваранкам спеўным.
Там — пастух ля статка: хто — здалёк
Не пазнаць, ды ён дуброўскі ж, пэўна.
Падыду да дзядзькі. Пастаім
Ля дымка ягонай папяроскі.
Як вядзецца, пагамонім з ім
Пра жыццё, пра ўсе навіны вёскі.
Я не госць тут. Тут — мая зямля.
I свой край я не аддам нікому!
Забрыду за свет хай, ды й здаля
Сцежка прывядзе мяне дадому.
Азярко сінее між куп'я,
Устае зара — зямлі карона —
Над вясёлым жытам.
Я тут — я.
Тут мае і карані і крона.
* * *
Ізноў я прачынаюся на сене...
Ка мне ў адрыну,
дзе сонца напрацягвала праз шчыт
ружовых паскаў,
Збягаюцца ўсе гукі раніцы.
Вось бразнула вядро ля студні
і журавель свой рып пацёг уніз,
пасля ізноў уверсе расскрыпеўся...
Залапатаў на прыгуменні Віцеў трактарок —
нядарам жа празвалі яго дзеці «лапатунчык»
малы, а гуку — на ўсю акругу...
З двара шафера Ромы
(вясной ён жонку яснавокую
прывёз з-над Слуцка)
Рассыпаўся сярэбраным пясочкам
грудны і звонкі голас: «Ціп-ціп-ціп!»
Тут нашы рыпнулі варотцы:
«Цётка Надзя!! — голас брыгадзіркі. —
Пойдзеце наранкі на сянаж!»
(Так, гэта — мацеры нарад:
сягоння за яе
Я з віламі пайду раўняць зялёны бурт. )
Праз дзірку ў даху ластавачка пырхнула
(не, я яго перасцялю ўсё ж руберойдам
за водпуск),
Залопаў крыллем певень за сцяною,
цялё рыкнула недзе...
Бягуць, бягуць, крыжуючыся, гукі
(ну, хоць збірай іх у гербарый,
засушваючы на паперы ў літары
Цяпер ізноў усе яны — мае:
Я — дома.
* * *
Радзіма...
Маленства тупкія сцежачкі
Пад белым крылом туманаў
(То з лісцем клейкім трыпутніку,
што так лагодна халодзіць ногі,
То з чабарком-чубарком,
які да санцаўсходу яшчэ
заняўся наўкол сінявата-ружовым агнём,
То з мохам лясным зелянцовым,
абсыпаным рыжым шыпульнікам-гліцай
і паабкіданым жывымі ўзорамі сонца,
То з нізенькай дзятлавінкай белагаловай —
як прыпадаў да яе некалі наш Гнедка,
якога бацька даваў мне адвесці на луг,
То з верасам,
што так прутка шлёгае аб калашыну
квяцістай галінкай-мяцёлкай
з ублытанай там пчалой,
То з куп'істым сіўцом,
што тапырыцца ўвосень рыжкамі —
як голыя птушаняты, тояцца там яны).