Аляксей Карпюк
СВЕЖАЯ РЫБА
Аповесці і апавяданні
Copyright © 2015 by Kamunikat. org
СВЕЖАЯ РЫБА
1
Я — настаўніца. У мяне двое дзетак, муж ледзь не пісьменнік.
Апошні час я пачынаю любіць вершы. Вучыць на памяць няма калі, таму запісваю іх на паперу, вешаю над ложкам, а перад сном прабягу вачыма па радках — і праз некалькі дзён, глядзіш, яны ўжо моцна сядзяць у галаве. Слабасці сваёй крыху саромеюся і нават хаваюся ад Косці.
Між іншым, калі з'явіцца новая паперка над ложкам, муж паблажліва і з палітаваннем прачытае яе, дасць прафесійную ацэнку аўтару, але чамусьці не цікавіцца, навошта яна вісіць, і нават не дзівіцца.
У школе мяне лічаць сур'ёзным педагогам, выдаюць пахвальныя граматы, а мне — няёмка. Мне здаецца, што я — проста дзяўчынка. Раптам захочацца марожанага, пацягне пагуляць у класы ці паўзірацца на свет праз каляровае шкельца; або раніцой, ідучы на работу, здаецца, вярнулася б і паспала яшчэ гадзіны чатыры ці ўткнулася б маме ў прыпол і прасядзела б так паўдня. Не раблю гэтак, бо мама далёка.
Жыву ў невялікім горадзе, хаджу на работу заўсёды ў адзін час, па адной вуліцы і той жа дарогай.
Ходзіш у школу дзень, два, месяц, год. Памалу звыкаешся з тым, што навокал цябе. Непрыкметна ўсё, што сустракае цябе кожную раніцу, робіцца тваім, нават інтымным.
Насупраць бібліятэкі — клумба, каля яе праходжу кожны раз а палове дзевятай.
Далей — дрэўцы, вельмі знаёмыя, выраслі на вачах: вясной нецярпліва чакаю, калі з набрынялых пупышак, нарэшце, з'явяцца тоненькія, свежыя стрэлачкі лісцікаў. Летам хочацца памыць знямоглае ад пылу лісце, а ўвосень — сабраць у букет: такое яно яркае і прыгожае!
А тут будуюць гасцініцу. Кожны ранак заўважаеш, як выраслі за суткі сцены. Муляры — зусім маладыя хлопцы, а як сур'ёзна працуюць! Асабліва падабаецца мне адзін: бледны, у акулярах. Гадаю, хто ён такі, як стаў будаўніком, пра што марыць. Вельмі яны мяне ўразілі пасля аднаго выпадку.
Раніцой трапляю на сцэнку.
Хлопец на рыштаванні надзяе фартух, знізу яму крычыць дзяўчына:— Вася, падкову знайшла на вуліцы! З вухналямі нават... Адшліфаваная — на серабро!. . На, замуруй яе на шчасце!
— Кідай! — ажыўляецца муляр.
Яшчэ больш блізкімі становяцца гэтыя людзі.
Многіх прахожых ужо ведаю.
Вось гэты, у шэрым палітэчку, пунктуальны: на работу выходзіць мінута ў мінуту.
А то сунецца, мабыць, бюракрат. Ідзе важна, ні на каго не гляне, пасопвае і так трымае галаву, бытта з яе што-небудзь спадзе. Няўжо і ён быў калісьці маленькім хлопчыкам, як мой Віця?. . Уяўляю яго ў кабінеце: слухае чалавека, уткнуўшыся ў настольнае шкло, і да яго гаварыць, што да шафы. А ёсць жа людзі, якія такое важнічанне лічаць аўтарытэтам!
А вунь маладзенькая будаўніца спяшаецца на работу. Новую вясеннюю касынку нясе на галаве як бы нядбайна, толькі ж ты мяне не ашукаеш, хітруня: мне ўжо хутка дваццаць восем, але яшчэ ўмею і я так рабіць!. .
Наганяю групку дзяўчат. Адразу відаць, што яны першы раз у нашым горадзе. Ага, у Доме народнай творчасці ідзе абласны конкурс самадзейнасці... Абганяць іх не спяшаюся. Дзяўчаткі няўпэўнена ўзыходзяць на мост (а ён у нас высокі!), ім закружыліся галовы. Спыняюцца воддаль ад парэнчаў, нямеюць, зачараваныя.