Читать онлайн «Расстайны пах асоту»

Автор Анатоль Бутэвіч

Анатоль Бутэвіч

Расстайны пах асоту: аповесці і апавяданні

Iнстынкт, або ПРЫСАК КАХАННЯ I ЖАРСТВА ПАКУТ

АПОВЕСЦЬ

1

Колькі гадоў, дзесяцігоддзяў, стагоддзяў (хто здолеў бы падлічыць!) людзі намагаліся, стараліся, высільваліся, імкнуліся, хацелі, але не здолелі і да гэтага часу не могуць зразумець, спасцігнуць і разгадацць недасяжны сэнс гэтага звычайнага слова!

Колькі пакаленняў юных асобаў станавіліся мацяркамі, а то і мацяркамі-адзіночкамі, бацькамі, а то і непрызнанымі бацькамі, дзядулямі і бабулямі, так і не дапіўшы да донца салодка-горкую чашу гэтага неразгаданага і магічнага Слова, не здолеўшы ўсвядоміць самі і не могучы растлумачыць сваім дзецям і ўнукам яго зваблівы і няўлоўны змест!

Яно было і застаецца салодкім, як мёд, і горкім, як палын, жаданым, як жыццё, і нечаканым, як смерць.

Хоць — перастаў гэтыя эпітэты, і таксама будзе праўдай: горкае, як мёд, жаданае, як смерць... Бо ў дачыненні да гэтага слова ўсё магчымае і ўсё праўда, усё быццам бы вядома і — нічога невядома. I ніколі, відаць, не будзе вядома!

I гэта не высновы расчараванага і бітага жыццём песіміста, а сама сутнасная існасць гэтага ўтаемненага, загадкавага і магічнага слова, якое віравала і віруе кроў, пеніла і пеніць пачуцці, хвалявала, хвалюе і будзе хваляваць да скону жыцця ў сусвеце.

Яно надзвычай звыклае і лёгка даступнае, як паветра, як сон, як жыццё, і недасяжна-незнаёма-невядомае, пакутліва-неспасцігальнае, як сам сэнс жыцця.

I слова гэтае — Каханне...

Каханне...

Хто з таемным першародным страхам і цнатлівым трымценнем голасу, з узбуджальна-хвалюючай дрыготкай у целе не прамаўляў, не вышэптваў і не выдыхаў гэтага слова, не вымольваў яго, не трызніў ім, не спадзяваўся на яго, як на апошнюю і найвышэйшую надзею?

Хто не прагнуў гэтага пачуцця, як збавення і аджыўлення душы і духу, хто не маліўся мройлівымі начамі, каб нехта тамтой, на Вышынях, самы найвысокі і наймагутны, паслаў таго адзіна-адзінага, паразуменне і суіснаванне з кім робіць жыццё асэнсаваным і радасным і даруе яго працяг?

Хто не перажываў і не адчайваўся, не плакаў і не смяяўся, не радаваўся і не пакутаваў у чаканні яго і з яго прыходам?

Хто не быў на сёмым небе і не апускаўся ў самыя злавесныя глыбіні апраметнай ад спробы яго спазнання?

Хто не нёс напаказ свой крыж радасці і не хаваў ад іншых свой крыж пакуты?

Бо было яно праз стагоддзі стагоддяў і святочна-ўзнёслым, радасна-перапоўненым праз край, як Песня Песняў, і горка-маркотным, скрушлівым, настылым адчаем, як склеп Джульеты.

Але чаму, чаму гэтаму светламу слову заўсёды супрацьстаіць слова антонім, слова супрацьлегласць?

Чаму і навошта гэтае жыццёва натуральнае, пяшчотнае і шчырае, асляпляльнае і стваральнае пачуццё заўсёды суседнічае і спадарожнічае з гэткім жа натуральным сляпым і пякучым, горка-атрутным і разбуральным расчараваннем?

Чаму пасля яго шчодрага красавання бываюць як багата-ўмалотныя і прыземіста-сагнутыя каласы, так і ганарыста задзёртыя пустагаловыя стырчакі? Чаму каласіцца яно ўраджайнай нівай і пустазеліцца пустацветам?