Читать онлайн «Прыгоды Віруса Шкодзі»

Автор Анатоль Бутэвіч

Анатоль Бутэвіч Прыгоды Віруса Шкодзі

Незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп’ютэры

УСТУП

Хто з нас не марыў пра далёкія падарожжы, пра нябачаныя краіны, пра спатканне з самім Кавалём-Вярнідубам? Знайсці ўсё гэта мы маглі толькі ў кніжках, што распавядалі пра гэтыя незвычайныя – чамусьці яны заўсёды ўяўляліся нам заморскімі – далёкія землі. Калісьці не было такой складанай сучаснай тэхнікі, якае дазваляе за адно імгненне абляцець усю зямлю. А таму мы назаўсёды палюбілі чароўны свет кнігі. Палюбілі, каб ніколі не расставацца, нягледзячы нават на з’яўленне сучасных камп’тэраў. Сёння ж – абы жаданне – хуткасны Інтэрнет імгненна перанясе вас за сотні і тысячы кіламетраў ад роднага парога.

Калісьці я не меў доступу да Інтэрнета, не плаваў па яго бязмежным інфармацыйным акіяне. Ды вось надарылася і мне наведаць чароўнае каралеўства Сусветнае Сеціва. І я ўжо не мог абысціся без гэтага раней нязвыклага камп’ютэрнага свету. І казкі сталі пісацца таксама таксама пра чароўную краіну, дзе нароўні з добрым каралём Віндаўсам Вялікім творыць свае няўдзячныя справы Вірус Шкодзя.

Але ў гэтай кнізе ты можаш сустрэцца і з чароўнай дакторкай Лісой. Можаш даведацца, як Вірус Шкодзя закахаўся ў дачку караля Віндаўса Вялікага і што з гэтага атрымалася.

І шмат што яшчэ чакае цябе ў Сусветным Сеціве.

А таму – адкладзі на нейкі час чароўную Мышку свайго камп’ютэра і вазьмі ў рукі кнігу. Гэтую альбо нейкую іншую. Не пашкадуеш...

КАРАЛЕЎСТВА ВІНДАЎСА ВЯЛІКАГА

Адбывалася гэта не далёка і не блізка, не высока і не нізка. Не за барамі таямнічымі, не за морамі цудадзейнымі, а ў самых разумных глыбінях космасу.

На адной інтэлектуальна багатай планеце заснавалася незвычайнае каралеўства.

Назва ў яго таксама была нетутэйшая - Сусветнае Сеціва. І адразу пачало адбывацца там незлічонае мноства дзівосных дзіваў, чарадзейных чараў і забаўных забаў.

Найвялікшым багаццем сеціўцаў лічыліся прыстасаванні, што называліся камп’ютэрамі. Разумныя былі і кемлівыя, што ні ў казцы расказаць, ні пяром апісаць. Розныя па форме, прызначэнню, памерах, магутнасці і разумнасці, яны спрыялі сеціўцам жыць-пажываць і дабро нажываць, а дзеткам іхнім гора не знаць. Апекаваўся ж тымі камп’ютэрамі і даглядаў іх галоўны камп’ютэршчык каралеўства Камп Кампавіч.

З дапамогай камп’ютэраў сеціўцы ўсяму свету пра справы свае цудоўныя праз Інтэрнэт расказвалі. Не хавалі ўласнага вопыту, лічылі: хай і іншыя ім пакарыстаюцца, каб багацей жыць стала.

Каралём жа ў тым чароўным каралеўстве быў Віндаўс Вялікі. Адпаведна пасадзе меў і камп’ютэр - самы дасканалы, самы сучасны і магутны. Галоўны камп’ютэр каралеўства, адным словам. Сам Камп Кампавіч апекаваўся ім, трымаў пад сваёй неаслабнай увагай.

Разумны і разважлівы быў кароль Віндаўс Вялікі, але занадта мяккі і памяркоўны, зрэшты, як і ўсе сеціўцы. Аднак дбайна і клапатліва аберагаў спакой і дабрабыт сваіх падданых, не даваў у крыўду ні старога, ні малога, за што меў непахісны аўтарытэт. З суседнімі каралеўствамі ніколі не сварыўся, наадварот, заўсёды дапамогу аказваў. Казаў: “Чаго нам варагаваць? Лепш сядзем радком ды пагаворым ладком... ”