Міхась Стральцоў
Свет Іванавіч, былы донжуан
У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх. Я стаяў і чакаў. Яны не звярталі на мяне ніякай увагі. Гэты вечар я ненавідзеў усіх, каму было семнаццаць, дваццаць год – не болей. Мусіць, мне ўсё ж не варта было званіць, і тое, што я стаяў ля будкі, за дзвярамі якой крычалі ў трубку нейкія жаўтароцікі ў ненатуральна белых кашулях, расшпіленых на верхні гузік, у адпрасаваных вузкіх чорных штанах, загарэлыя, з акуратна падстрыжанымі, такімі самаўпэўненымі патыліцамі, – яшчэ больш злавала мяне.
– Эй, вы, – сказаў нарэшце я, грукнуўшы кулаком у шкло будкі, – давай закругляцца! Дайшло?
Ніякай увагі. Чарнявага, шчуплага, з такім зайздросным рубільнікам, што хоць пазычай, гэта не абыходзіла. Другі – белабрысы, доўгі, што стаяў бліжэй да мяне, прыпёршыся плечуком да шкла будкі, толькі ленавіта плюснуў вачмі, выняў з рота цыгарэту і, цыркнуўшы слінай сабе пад ногі, напусціў на твар прытворна-ўважлівы, блазенскі выраз. Белабрысы здзіўляўся і не разумеў. Да яго яўна не даходзіла. Ён нават не паглядзеў на мяне. Мне так хацелася заехаць яму па юнай мордзе, але я вырашыў пачакаць. Навошта ты злоўжываеш цярплівасцю маёй, о Катыліна?
– Слушай, Люсь! Обеспечь, чтобы маман не поднимала шухер. У меня пластиночки – первый номер... Ну да – законно. Гуд бай! Лёньке трубку не давать? Бусделано!. . Салют! Когда я смогу принести свои бренные останки?
Цяпер я рашыўся: раз! два! тры! – тры з адцяжкай удары ў шкло будкі. I позірк – не, чалавеку такі позірк не вытрываць.
Яны нешта зразумелі. Белабрысы таргануў плячмі і паглядзеў на чарнявага. Той вешаў трубку. Яны выпроствалі плечы ў будцы і, нібы змовіўшыся, нібы па камандзе, прымалі незалежны выгляд. Я, не адводзячы позірку, глядзеў на іх. Ужо на тратуары белабрысы азірнуўся і праспяваў:
... но пока наоборот:
только чёрному коту и не везёт.
Ах, смаркачы, смаркачы, – дальбог, я такім не быў у свае семнаццаць год. Недзе толькі на трэцім курсе я адпусціў доўгія валасы – тады гэта было модна. I падняў каўнер курткі – гэта таксама, здаецца, лічылася, што няблага. Тады катастрафічна, увачавідкі вузелі ў хлопцаў штаны, затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінжакамі. Праўда, гэта ўжо мяне не датычыла. Доўгія валасы – няблага. I падняць каўнер – таксама. Я чытаў тады французскія раманы. Эміль Бландэ, Люсьен Рубампрэ... Галантны век, дасціпнасць. I скепсіс. «Страчаныя ілюзіі». Партрэт «бацькі ўсіх народаў» пыліўся ў інтэрнацкай шафе-кладоўцы. «Как мало пройдено дорог, как много сделано ошибок». Не было саладзейшай спакусы, чым журба. Я чытаў тады замежныя раманы. Шматпакутныя героі пад эпілог сыходзіліся на ласкавы агонь камінка. За апушчанымі шторамі выў халодны восеньскі вецер. Камінак быў узнагародай. Цаной былой неўладкаванасці і нягод. I нехта павінен быў першы сказаць: «А памятаеш?. . » I больш нічога. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном...
Ах, я памыляўся, як я тады памыляўся, але, дальбог, я не быў самаўпэўненым, пошлым піжонам!