Юлія ШАРОВА
DON GIOVANNI, або ПАМІЛАВАНЫ СВАВОЛЬНІК
DRAMMA GIOCOSO У ДВУХ АКТАХ
Был ли секс у Дон-Жуана и донны Анны?
Дзейныя асобы
Донна Анна, яго нявеста — сапрана.
УВЕРЦЮРА
Дурным голасам раве трамбон, скрыпкі віскочуць, як рэзаныя гусі, габой прачышчае горла. Віяланчэлі разам з басэтлямі завываюць, як няпоенае быдла ў летні спякотны дзень. Флейта б'ецца з кларнетам, але іх абоіх адным кракам перабівае труба, быццам стары качур прыпёрся ў закуток, дзе кормяцца кураняты, і выставіў ім тэрытарыяльныя прэтэнзіі. І над усім гэтым птушыным дваром вісіць гудзенне барабана...
Для чалавека, што ўчора быў на добрым падпітку, а сёння спрабуе сабраць мазгі да кучы, гэта верны спосаб узненавідзець любыя гукі. Нават музычныя, якія ён слухае з моманту свайго зачацця, бо так ужо склалася ў гэтым свеце, што музыкант нараджаецца з другой, нябачнай пупавінай, праз якую ён сілкуецца гукамі. Потым, калі повязь з маці страчваецца, ён сам пачынае хапаць музыку адусюль, нават адтуль, адкуль звычайныя харошыя людзі, народжаныя з адной пупавінай, не выцягнуць ніякай музыкі.
Але сёння ў музыканта бадун, таму яму баліць галава ад аркестравай какафоніі. Зрэшты, справа не толькі ў бадуне, былі ў ягонай творчай біяграфіі нашмат горшыя моманты. Справа ў тым, што яму выпала сядзець на чужой аркестравай рэпетыцыі. Справа ў тым, што гэта рэпетыцыя ягонага шэфа, вунь таго жвавенькага і паўлысага дзядзькі, якога шмат хто чамусьці лічыць падобным да дырыгента Мравінскага (толькі з твару, зразумела). На рэпетыцыях шэфа яму заўсёды баліць галава, нават калі ён колькі дзён нічога, апроч піва, не піў.
І ён думае толькі пра тое, каб падлавіць зручны момант і сысці па-англійску з гэтай рэпетыцыі. Бо ёсць адна рэч, здольная прагнаць галаўны боль. Ён трымае ў руках сваю даўнюю мару, і яму патрэбная хвілінка абсалютнай цішыні, каб занурыцца ў яе з галавою.Шэф, хай яму трасца, зрабіў сваю рэпетыцыю беспамернай, а ён, чарговы дырыгент тэатра Аляксей Грынкевіч, павінен на ёй сядзець, бо ў гэтым спектаклі яго фармальна паставілі другім кандуктарам. А між тым ён трымае ў руках сваю мару і, як дзіця, пакутуе ад таго, што яму забараняюць зараз жа разгарнуць скрутак з падарункам. Бо заняткі яшчэ не скончыліся.
Што ў такім выпадку зробіць дзіця? Уцячэ з заняткаў. І вось якраз надышоў самы зручны момант. Трэба падысці крыху бліжэй да дзвярэй, пачакаць, пакуль шэф увойдзе, а потым ціхенька праскочыць за ягонай спінай у калідор. Калі шэф і зверне ўвагу, дык не на яго, дэзерціра паганага, а на аркестрантаў, што са спазненнем шчэмяцца ў залу.
Так ён і робіць. Як толькі ён, Аляксей Грынкевіч, апынаецца ў калідоры, галава магічным чынам перастае балець. Цяпер ён думае, дзе б яму знайсці ціхае месца і не нарвацца на кагосьці з адміністрацыі. А дзе яшчэ ў такі час можа быць цішэй, як не ў глядацкай частцы? Можна нават прысесці на банкетку вось тут, у вестыбюлі. Тут светла і нягорача. Але ў вестыбюлі, запоўненым зыркім жнівеньскім сонцам, ён не можа сканцэнтравацца, у яго няма адчування еднасці са сваёй марай, якую ён трымае ў руках. Гэта ўсё адно, што мілавацца з кабетай на шматлюдным пляжы сярод белага дня.