Эліза Ажэшка
Выбраныя творы
Каралева жывога слова
На адной з цэнтральных вуліц Горадні ўзвышаецца помнік нашай выдатнай пісьменніцы Элізе Ажэшцы. Зусім невыпадкова знайшла яна тут вечную прапіску. Усё жыццё «каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды» (Францішак Багушэвіч) было звязана з гэтым старажытным беларускім горадам і яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.
На працягу стагоддзяў Горадню насялялі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій — беларусы, палякі, жыды, татары. Былі і расейцы, але пераважна настаўнікі, чыноўнікі, пачынаючы ад самога генерал-губернатара і заканчваючы паліцэйскім на скрыжаванні. У гэтым асяроддзі пісьменніца знаходзіла невычэрпную крыніцу сваёй творчасці, тут падгледжвала яна рэальныя сюжэты для апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Родная беларуская зямля шчодра дарыла ёй радасць і пакуты, суцяшала яе веліччу наднёманскай прыроды, а мужны і цярплівы народ вучыў яе непакоры.
Творчая спадчына Элізы Ажэшкі вялікая — больш за пяцьдзесят тамоў розных празаічных жанраў. Да іх далучаецца дзесяць тамоў эпісталярнага жанру высокай мастацкай вартасці: лісты да літаратараў, людзей навукі, да сяброў-пісьменнікаў, перакладнікаў, рэдактараў і выдаўцоў.
Усе яе раманы, аповесці і апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы звязаныя з канкрэтнымі асаблівасцямі беларускага і польскага жыцця другой паловы ХІХ ст. У сваіх творах яна заўсёды закранала вострыя праблемы сучаснасці, імкнулася перадаць сутнасць і дух часу.
Ва ўмовах панавання расейскага царызму, калі беларуская мова была забаронена, а польская выкраслена з ужытку ў грамадскіх установах, пісьменніца абуджала душу народа, апявала гераічныя традыцыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, выкрывала заганы арыстакратычна-шляхецкага і буржуазнага колаў, узнімала свой голас у абарону абяздоленых і прыгнечаных.
Незвычайна чуйная да грамадскіх змен, яна хвалявала праўдай свайго мастацтва, шчырай любоўю да чалавека. У яе творчасці над усім пераважае рашучы пратэст супраць усялякага сацыяльнага і нацыяльнага ўціску, бязмежная вера ў навуку, у чалавечы розум, у неабходнасць працы.Нарэшце, творы пісьменніцы маюць асаблівую значнасць для беларускага чытача. Лепшая частка яе творчай спадчыны прысвечана беларускаму народу. Гэта многія апавяданні, аповесці «Нізіны», «Дзюрдзі» (у расейскіх перакладах «Ведьма»), «Хам», раман «Над Нёманам», а таксама фальклорна-этнаграфічныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» і іншыя.
Сапраўды, працягваючы традыцыі Міцкевіча, пісьменніца са спагадай зазірнула ў хату беларускага селяніна, жахнулася яго нядолі, але і ўбачыла высакародную духоўную прыгажосць беларусаў, працавітасць і пачуццё адзінства з прыродай, непаўторнасць залатых россыпаў вусна-паэтычнай творчасці.
Шчырае сяброўства і ўзаемная павага лучылі Э. Ажэшку з Францішкам Багушэвічам, які высока цаніў яе за гуманізм і праўдзівасць. Ёй паэт прысвяціў верш на беларускай мове «Яснавяльможнай пані Арэшчысе», дзе падкрэсліў сувязь пісьменніцы з беларускім селянінам, да якога яна «смела заглянула ў хату, усё зразумела і нашаму брату працягнула руку».