СЦЮДЗЁНЫ ВЫРАЙ
.
. . .
. . .
. . .
Аўтар выказвае шчырую падзяку
. . .
Тлумачальнае слова
Гэты тэкст быў цяжкім выпрабаваннем для мяне, больш цяжкім за ўсё, напісанае дагэтуль. Пачаўшы бадзёра, з мехам стылістычных задумаў, прагай моўнай эквілібрыстыкі ды мігацення напаўпразрыстых сэнсаў, я спатыкнуўся ўжо на першым абзацы, які пісаў некалькі гадзінаў. Я быў паралізаваны моўным здранцвеннем, немагчымасцю выкласці нават простую думку так, каб яна трымцела ад напружанасці, марознае звонкасці (гэта так проста зрабіць па-руску!).
З галавы не йшла парада Акудовіча: пішыце па-беларуску, каб спыніць занадта хуткі ў вас тэмп пісання, каб біцца за кожнае слоўца, кожны рытмічны прыпынак, вымяраючы ўсё з лінейкай. І — тое, што ў першы дзень падалося вар’яцтвам, у рэшце рэшт ператварылася ў працу нейкага іншага (вышэйшага? Хочацца думаць, што вышэйшага, чым раней, інакш — якога д’ябла!. . ) парадку. У новыя ўзаемаадносіны са словам. У новае разуменне пісання, калі ўзважаным ёсць кожны сказ, калі кожнае трэцяе слова прасканаванае ў слоўніку на лексічную адэкватнасць, металічныя прадметы ды выбуховыя рэчывы, здольныя знесці ўсю грацыю тэкставай пабудовы.Я ведаю, што абіраючы мову (тут можна не ўдакладняць: «мова» па азначэнні ў нас адна, гэтаксама, як «ён» па азначэнні таксама адзіны, вельмі пэўны персанаж), я неабачліва звужаю патэнцыйную колькасць чытачоў гэтага тэкста да 300 чалавек — прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты, аскепкаў некалі адной з самых адукаваных у Еўропе нацыяў, якія яшчэ цікавяцца тым, што адбываецца ў роднай літаратуры. Але ж, па-першае, 300 чалавек — ужо няблага. Па-другое, гэты тэкст у любым выпадку не зразумее ніхто па-за межамі беларускаці. Калі хочаце, гэта
Разлічваючы на адзінак, я магу дазволіць сабе зрабіць гэты тэкст настолькі складаным, наколькі ён такім мае быць. Складаючы тэкст на мове, адрынаеш масавага чытача, які лезе ў кнігу пад гукі «Рускага радыё» па дарозе на дачу — даражэнькія, трымайцеся як мага далей ад гэтай кніжачкі, бо яна зруйнуе ваш мозг! Размаўляючы выключна з інтэлектуаламі, я набываю недасяжную раскошу не адказваць на пытанні: «Што азначае англамоўны эпіграф да трэцяй часткі, у чым палягае яго таямніца?». Ці — «што ж насамрэч адбылося і хто злодзей?». У свой час я апаліўся на занадта шматслоўных тлумачэннях да «Параноі» і больш не буду рабіць глупствы: гэтая прадмова — першае і апошняе тлумачэнне пра «Сцюдзёны вырай», публічна прамоўленае аўтарам.