Читать онлайн «Нап?санае застаецца. Сучасная беларуская драматург?я»

Автор Чигринов Иван

Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія

Алесь Петрашкевіч

Напісанае застаецца

Гістарычная драма

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Францыск Скарына.

Мікола Гусоўскі.

Максім Грэк.

Мікалай Капернік.

Томас Мюнцэр.

Юрый Адвернік.

Маргарыта.

Пётр Мсціславец.

Марцін Лютэр.

Мануэла.

Эльза.

Нунцый.

Iнквізітар.

Кваліфікатар.

Біскуп.

Сенатар.

Пісар.

Кат.

Іахім, ён жа Джавані, Іаан, Ісаак, Ахмет.

Члены святога судзілішча.

Стражнікі інквізіцыі.

Юнакі пры шпагах.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

I

Пакой вучонага-багаслова. Марцін Лютэр рэпеціруе прамову.

Лютэр (да ўяўнага натоўпу). Здраднікі, вераадступнікі, мяцежнікі, забойцы, рабаўнікі, багахульнікі! Ніводнага д’ябла не засталося ў апраметнай, усе ўсяліліся ў мужыкоў. А таму не час спаць. Час літасці прайшоў. Настаў час мяча і гневу! Іх трэба забіваць, як шалёных сабак!

Уваходзіць маладая манашка.

(Незадаволена. ) Ну, што табе, Эльза?

Эльза (нясмела наблізілася да Лютэра). Да вас той самы Іахім, каторы Джавані. (Прытулілася да Лютэра. )

Лютэр (пацалаваўшы Эльзу).

Упусці. А як выйдзе, прыходзь...

Эльза выходзіць. Лютэр праводзіць яе ласкавым позіркам. Уваходзіць Iахім у вопратцы манаха, твар пад капюшонам.

(Сурова. ) З чым?!

Іахім (адкідае капюшон, з усмешкай). З даносам, пан Лютэр.

Лютэр. Ведаю, што з даносам. На каго?. .

Iахім. На Францыска, сына Скарыніна, у навуках вызваленых і лекарстве доктара...

Лютэр (недаверліва). Жартуеш?!

Iахім. Каб я быў жыў!

Лютэр. Хапіў ты высока, ды Прага далёка.

Iахім. Навошта Прага, ваша светласць? Ён тут, у Вітэнбергу, уласнай персонай у маёй карчме.

Лютэр (не верыць сваім вушам). Ты нешта пераблытаў!

Іахім (вымае з-пад палы паперу). Не на тое вы плаціце Іахіму, каб ён блытаў. Чытаю: «... У пятніцу, пятага лістапада, у Падуі, у храме святога Урбана а гадзіне 17-й на скліканай і ў звычайным парадку сабранай святой Калегіі слаўнейшых падуанскіх дактароў мастацтваў і медыцыны па даручэнні найдастойнейшага доктара мастацтваў і медыцыны пана Тадэя Мусаці, віцэ-прыёра вышэйназванай Калегіі, са згоды райцаў указанай Калегіі, ва ўводным слове прыёр сказаў: «Найдастойнейшыя паны дактары! Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма, на чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі... » Экзамен працягваўся два дні, і магістр Францыск з гонарам абараніў сваю навуковую годнасць. Ён публічна абгрунтаваў свае тэзісы, у дыспуце абверг усе аргументы апанентаў і ўсімі наяўнымі прафесарамі і вучонымі Падуі і Вероны, а іх было 24, пры поўнай адсутнасці нязгодных, быў ухвалены і прызнаны прыдатным да лекарскіх навук... » Іахім не пісаў гэта сам. Ён пазычыў паперу ў самога Скарыны. Русіны — даверлівыя дзеці. I гэтыя не вельмі хаваюць, што едуць на Белую Русь.