Читать онлайн «Цені Дзікага палявання»

Автор Алесь Кожедуб

Цені Дзікага палявання

Укладальнік і аўтар уступных артыкулаў – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Карлюкевіч

У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент «Ілюстрацыі да паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, кніга 2

“На паляванні”» В. П. Шаранговіча з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

© Кажадуб А. К. , 2024

© Рублеўская Л. І. , 2024

© Навасельцава Г. В. , 2024

© Шаранговіч В. П. , выява на вокладцы, 2024

© Карлюкевіч А. М. , укладанне,

Зрабіць чалавека мацнейшым

Сучасны беларускі літаратурны працэс цяжка ўявіць без повязі з літаратурамі іншых народаў, з сусветнай мастацкай літаратурай. Калі ж аглядаць яе найболей яркія з’явы хаця б за мінулыя паўстагоддзя, то відавочнай з’яўляецца ўвага пісьменнікаў да міфалогіі, да таго, што выкрышталізавана ў фальклоры. Зварот да міфалогіі патрэбен творцам, каб даказаць вяршэнства духоўнай сумленнасці, каб шчыра размаўляць з чытачом.

Ад старадаўніх часоў міф тлумачыў паходжанне, будову свету, раскрываў узаемаадносіны чалавека з ім. А яшчэ дапамагаў аб’яднаць, арганізаваць людзей у нейкія лагічныя, зразумелыя калектывы, абшчыны. Ці не таму знахары, шаманы, вайдэлоты, якія былі носьбітамі фальклорнай спадчыны, валодалі рэальнай сілай у кіраўніцтве грамадствам, ці не таму яны ўплывалі на шырокія масы?. .

Для нашага чытацкага пакалення блізкі і зразумелы зварот калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса да элементаў фальклорна-міфалагічнай спадчыны. Яго раман «Восень патрыярха» ў свой час перавярнуў свядомасць чытачоў на ўсіх кантынентах. Быў у нас і вопыт адкрыцця спрадвечных ісцін праз прозу болей блізкага – кіргызскага, савецкага і, лічыце, сусветнага класіка – Чынгіза Айтматава. Асабліва працінаў душу яго раман «Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век», геніяльна перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым. У беларускай літаратуры папярэдняга стагоддзя міф таксама адыгрываў важную ролю ў спробе разгледзець свет, разабрацца з месцам чалавека ў часе і прасторы. Узяць хаця б казку Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка», напісаную ў 1939 г.

І нашы сучаснікі, чые творы аб’яднаны ў кнізе «Цені Дзікага палявання»: Алесь Кажадуб, Людміла Рублеўская, Ганна Навасельцава – паспрабавалі разабрацца ў суладнасці чалавека з мінулым, унікнуць у яго сённяшняе асэнсаванне спрадвечнага… Да прыкладу, Алесь Кажадуб у аповесці «Лесавік» перакананы ў тым, што ментальнасць беларуса засноўваецца на яго лучнасці з прыродай. Наш прашчур не мог існаваць без свайго поля, лесу, ракі, возера і нават балота. А фальклор (перш за ўсё міфы) адлюстроўваў гэтую лучнасць. Адзінства чалавека і прыроды, якое пісьменнік перадае праз вобраз лесавіка, узвышае нас, дапамагае пашырыць уяўленні і зрабіць нас мацнейшымі ў цёмных дакучлівых рэаліях, дзе мы вельмі часта аказваемся бездапаможнымі закладнікамі багатага на падзеі сацыяльнага жыцця. Жыцця, якое спрабуе раструшчыць асобу… Літаратуразнаўца Віктар Каваленка слушна заўважыў, што «…выкарыстанне старажытных міфалагічных матываў і вобразаў у мастацтве – гэта адна з самых чароўных старонак у развіцці духоўнай культуры чалавека». Дык ці не імкненнем да прыгажосці самога нашага нараджэння і ўсяго наступнага жыцця можна патлумачыць зварот літаратараў да міфаў і іх праецыраванне на чалавека сённяшняга?!