Сляды волатаў
Укладальнік і аўтар уступных артыкулаў – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі
У афармленні вокладкі выкарыстана рэпрадукцыя карціны «Ранішні туман» Л. Д. Шчамялёва з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
© Жук А. А. , 2024
© Ягоўдзік У. І. , 2024
© Карлюкевіч А. М. , 2024
© Шчамялёў Л. Д. , выява на вокладцы, 2024
© Карлюкевіч А. М. , укладанне,
Мастацкі позірк на прыроду
Літаратура на прыродазнаўчую, экалагічную тэматыку заўсёды прыцягвала ўвагу чытачоў розных узростаў. Мабыць, сёння яна прыцягвае ўвагу чытача асабліва настойліва. Схаваўшыся ад лясоў, рэк, азёр і тым болей балот у прыязную гарадскую зону камфорту, мы ўсё ж кожную сустрэчу з жывой прыродай успрымаем як жаданае адкрыццё.
Узімку нас вабяць укрытыя снежнай коўдрай дрэвы, мы здзіўляемся ледзяному покрыву водных артэрый Радзімы, захапляемся ўзорамі сняжынак, што ляцяць насустрач нам, нагадваючы зіхатлівыя і недасягальныя зоркі. Ды ці мала сустрэч і адкрыццяў дораць беларускія краявіды не толькі ўзімку, але і летам, восенню, вясною?. .Традыцыяй беларускай літаратуры заўжды было і застаецца апісанне прыродных з’яў, іх мастацкае ўзвышэнне, захапленне стасункамі чалавека з навакольным асяроддзем.
Пра вечнасць і бясконцасць прыроды як падараванага нам шчасця існавання ў гармоніі з сонцам і паветрам, з вадою і зямлёю многія беларускія пісьменнікі імкнуліся і імкнуцца сёння распавесці юным чытачам нашай Айчыны. Творы Янкі Маўра, Уладзіміра Дубоўкі, Віталя Вольскага і іншых аўтараў, кожны з якіх абраў разнажанравы падыход да асвятлення ўласных сустрэч з прыродай, складаюць велізарную бібліятэку беларускай мастацкай прыродазнаўчай літаратуры. Праходзяць дзесяцігоддзі з часу іх напісання, як у выпадку з «Палескімі рабінзонамі» Янкі Маўра ці «Жоўтай акацыяй» Уладзіміра Дубоўкі, а чытацкая ўвага да гэтых і іншых аповесцей і апавяданняў не меншае!. . А колькі адкрыццяў дораць нам кнігі Віталя Вольскага «Па лясных сцежках», «У лясах над Бярозай», «Месяц за месяцам», «На бабровых азёрах», «Чайкі над Нараччу», «Родны край», «Дзень добры, Бяроза»!. .
Сваімі ўражаннямі ад паходаў у лес, на рэчку, ад сустрэч са звярамі і птушкамі, якія адбываліся на працягу многіх гадоў жыцця, натхнёна дзяліліся ў сваіх кнігах Яраслаў Пархута, Змітрок Бяспалы, Рыгор Ігнаценка… Услухайцеся нават у самі назвы кніг вясковага настаўніка музыкі і спеваў з вёскі Паплавы Бярэзінскага раёна, што на Міншчыне, Рыгора Канстанцінавіча Ігнаценкі: «Лясныя тынкоўшчыкі», «Урок у лесе», «Дзе матылькі зімуюць», «У зімовым садку», «Карабель вясны». Быў час, калі і ў Мінску, і ў Маскве ў перакладзе на рускую мову яны выдаваліся шматтысячнымі тыражамі… А ў Васіля Жушмы, які і зараз жыве і працуе ў Іванаве, на Берасцейшчыне, ёсць кніга з назвай «Гарэза». Яна прысвечана толькі аднаму персанажу – звычайнай вавёрцы, якую пісьменнік спаткаў, любуючыся хараством ваколіц свайго гарадка. А кніжкі Змітрака Бяспалага «Лясныя хітруны», «У лясной каморы», «Мядзведзеў пачастунак», «Дзіўны птах», «Страшны звер»?. . У кожнай з гэтых невялікіх па памерах кніжачак – уважлівае назіранне за братамі нашымі меншымі: звярамі, птушкамі, насякомымі…