Читать онлайн «Дараванне»

Автор Коллектив авторов

Дараванне

Серыя заснавана ў 2023 годзе

Укладальнік і аўтар уступных артыкулаў – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Карлюкевіч

© Брава А. В. , 2023

© Ждан А. А. , 2023

© Бензярук А. Р. , 2023

© Бадак А. М. , 2023

© Федарэнка А. М. , 2023

© Карлюкевіч А. М. , укладанне, уступныя артыкулы, 2023

© ТДА «Аверсэв», 2023

Ці вернецца аповесць?

Проза, як увогуле літаратура, шукае сябе і ў новых жанрах.

А мабыць, проста парушае межы традыцыйных жанраў – рамана, аповесці, апавядання, – спрабуе разбурыць традыцыю, каб дасягнуць новых уяўных вышынь…

У 2022 годзе часопіс «Полымя», некалі галоўны заканадаўца ўсіх літаратурна-мастацкіх змен, надрукаваў у раздзеле «Проза» 32 творы (прадстаўлены 21 аўтар). Сярод іх – 3 раманы, 3 аповесці, 22 апавяданні, а таксама «словы пра самога сябе» – такое жанравае вызначэнне ў тэксту Адама Глобуса «Аўтапартрэт з усмешкай», «запісы» – гэта твор «Мой тэлеграм-канал» Георгія Марчука, проза Вітаўта Чаропкі з цыкла «Запісная кніжыца жыцця» – «Мой 2019 год» і «жыццёвінкі» Васіля Ткачова пад назвай «Добра там, дзе мы ёсць»…

Такая вытворча-мастацкая «статыстыка» даволі красамоўна сведчыць, нават пераконвае: з прозай адбываецца нешта асаблівае… Можа, яна не мігрыруе ў іншыя жанры, а зусім памірае, страціўшы цікавасць да сваіх традыцыйных формаў адлюстравання жыцця, стварэння яго мастацкага «фотаздымка»? Смерці прозы, хочацца верыць, ніхто з аўтараў не жадае. Але час пакажа… Абнадзейвае тое, што мы і сёння маем магчымасць прачытаць новыя творы ў традыцыйным жанры аповесці. У часопісе з аповесцямі выступілі Генадзь Аўласенка («Адплата. Амаль дэтэктыўная аповесць у двух эпізодах»), Віктар Казько (у снежаньскім нумары надрукаваны пачатак аповесці «Высакосны год»), Яўген Хвалей («Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або Пандэмія ў Слупцах»). Мяркую, у партфелі часопіса «Полымя» захоўваецца яшчэ не адзін твор у жанры аповесці. А надрукавана, будзем спадзявацца, найлепшае…

Зразумела, немагчыма ўсур’ёз разважаць пра жанравыя зацікаўленні сучасных беларускіх празаікаў, разглядаючы выключна «Полымя» за 2022 год. Навошта тады згадка пра тое, што аповесцей мала, што аповесць як жанр, пэўна, пераходзіць у іншы фармат? Існуе меркаванне, што творцаў сілкуе мастацкая і грамадзянская свабода, адсутнасць цэнзуры, аднак, не аспрэчваючы гэтага, скажу, што літаратура развіваецца ў любых умовах. А найперш развіццю літаратуры спрыяе нараджэнне талентаў, якія прыходзяць са сваім натхненнем, сваёй геніяльнай празорлівасцю ў асэнсаванні жыцця і прадбачанні будучыні. І яшчэ – справа ў атмасферы вакол творцаў… Пісьменнік усё ж павінен адчуваць, што яго твор стане прадметам чытацкай увагі, што пра яго працу будуць гаварыць крытыкі, што яго адзначаць, заўважаць…

Гавару з некаторай верай, што аповесць павінна адрадзіцца. Сёння вельмі патрэбны такія выданні: каб сабраць творы ўжо вядомыя, падкрэсліць, што яны не забыты, не засталіся толькі ў недаўгавечнай перыёдыцы або аўтарскіх кнігах, выдадзеных, звычайна, невялікімі накладамі. Сучасная проза павінна быць вядомай не толькі крытыкам і літаратуразнаўцам, якія робяць агляд літаратурна-мастацкага працэсу на старонках манаграфічных даследаванняў, – неабходна, каб яна дайшла да масавага чытача.