Читать онлайн «Парыж, Эйфелева вежа і…»

Автор Виктор Правдин

Виктор Правдин

Парыж, Эйфелева вежа і…

Частка першая. ЖЫЦЬ – НЕ ТОЛЬКI МЁД ПIЦЬ

1

Ноччу над Мінскам грамыхала шчодрая расцугляная навальніца. Сіратліва-цьмянымі выглядалі вулічныя ліхтары, калі віхлястая вострая маланка кроіла на кавалкі нізкае грувасткае неба. Вада імклівымі патокамі шапацела па асфальце, незадаволена віравала, бурліла, калі натыкалася на прыпаркаваныя ўздоўж тратуараў машыны. Раскацісты гром узрушваў ахоўныя сігналізацыі, і машыны ад бяссілля гулка завывалі, кожная на свой лад. У вокнах шматпавярховых дамоў часта ўспыхвалі палахлівыя агеньчыкі ад цыгарэт, але гаспадары не рызыкавалі выходзіць у гэткую непагадзь да сваіх чатырохколых улюбёнцаў. Толькі ў пяцісотым «мерседэсе» не міргалі аварыйкі, не скуголіла сігналізацыя, дый патокі вады яго абміналі. Машына задзірліва перагарадзіла тратуар.

У прапахлым гарэлкай салоне на раскладзеным вадзіцельскім сядзенні спаў чалавек. Скамечанае скураное паліто ляжала ў нагах, ледзь прыкрываючы калені, пінжак расхрыстаны, кашуля разарваная на грудзіне, на голай шыі – чырвоны заплямлены тлушчам гальштук. Рукі спячага моцна сціскалі напаўпустую вялікую бутэльку каньяку.

Пакідаючы горад сцішаным і абноўленым, летняя парная навальніца кацілася на ўсход. Дождж толькі крышачку паменшаў, а каля «мерседэса» ўжо віскнуў тармазамі міліцэйскі «УАЗ». З машыны няспешна выйшаў міліцыянер, ухутаны ў плашч-палатку, і зыркім святлом ліхтара асвяціў салон.

Ён доўга разглядваў спячага, некалькі разоў ляпнуў далонню па ветравым шкле, крыкнуў:

– Гэй, чалавек, прачынайся, прыехалі!

– Наш кліент? – вытыркнуўшы галаву з машыны, запытаўся міліцыянер з зорачкамі прапаршчыка на пагонах.

– Спіць… Але не адзін-адзінюткі, пляшку каньяку абдымае…

– Калі каньяк угледзеў – будзі, трэба разбірацца…

– Гэткага не разбудзіш, поўнае адключэнне, – тупаючы вакол машыны і барабанячы далонню па капоце, па даху, па дзвярах, бубніў міліцыянер.

У начной цішы кожны ўдар аддаваўся гулкім рэхам у самых дальніх куточках вуліцы, у кронах паркавых каштанаў, у падваротнях дамоў. У найбліжэйшым пяціпавярховым доме ў кутнім акне трэцяга паверха запалілі святло. Рыпнулі дзверы, на балконе з’явіўся сілуэт чалавека. Бліснуў трапяткі агеньчык, на хвілінку выхапіўшы з цемры твар мужчыны, які прыпальваў цыгарку.

– Выклікайце эвакуатар і на штрафную, – прабасіў сілуэт, – не першы раз тратуар перагароджваюць… Нахабнікі!. .

– Ідзі спаць, не то і цябе эвакуіруюць, – з глыбіні кватэры пачуўся вісклівы жаночы голас, і святло ў акне адразу патухла.

– Намёк зразумеў, – юрліва засмяяўся мужчына і паспешліва зачыніў за сабой балконныя дзверы.

– Не ляпай па машыне… Калі што не так – да пенсіі не разлічымся, – камандаваў прапаршчык.

Міліцыянер у плашч-палатцы роспачна махнуў рукой і з ноткамі адчаю ў голасе прапанаваў:

– А што, мо і сапраўды эвакуіруем? Няйнакш у машыне злодзей.

– І хутчэй за ўсё бадзяга – алкаголік… З паўсотні машын выбраў самую крутую, замкі ўзламаў, у бардачку знайшоў пляшку каньяку і выжлукціў… Навошта рызыкаваць, абцяжарваць сябе лішнім клопатам, калі можна напіцца на халяву і ўтульна, з камфортам паспаць? І амаль без наступстваў… Крадзяжу няма, значыцца, і крыміналу ніякага…