8
3 дзевятага паверха ён бачыў шэрыя дамы — адзін зеўраў чорнымі адтулінамі вокнаў — яшчэ не паспелі зашкліць. Па абочыне новай вуліцы бетонныя слупы роўнай шарэнгай цягнуліся ўдалечыню. Hi дрэўцаў, ні кустоўя. На дроце там-сям гайдаліся пад халодным ветрам самотныя, прыціхлыя вароны.
Уступаў пакрысе ў свае ўладанні бог зімы — Зюзя. Ішоў з поўначы лысы, барадаты, несамавіты дзядок, і з кожным яго подыхам узнімаліся завірухі, а пад босымі, пасінелымі нагамі адразу камянела, стыла зямля, і ўсё жывое пачынала адчуваць страх і няўпэўненасць у існаванні, бо лёс жывога залежыць ад шматлікіх прычын і век яго кароткі — жывое ж увогуле нешта парушае, нейкія важныя законы фізікі, якія існуюць па-над намі.
— З’явімся на свет і адразу нешта парушаем,— сказаў Мастак,— такі закон.
Ён стаяў і пазіраў праз акно на вуліцу. Зіма абяцала быць халоднай і працяглай, бо з палёў сабралі незвычайна вялікі ўраджай (старыя казалі, што гэта не на дабро), у садах восенню ламаліся сукі ад яблыкаў, груш, сліў, а ў лесе дубы паскідалі столькі жалудоў, што хапіла б і на некалькі гадоў; грыбы таксама ўрадзілі: і белыя, і падасінавікі, і апенькі, і ваўнянкі, і грузды, і шампіньёнаў на пакінутым палігоне за горадам было столькі, што можна касіць касой. Рабіны ламаліся ад ягад, палымнелі чырванню, мурашкі ўзнялі вышэй свае мурашнікі, а пчолы амаль поўнасцю заляпілі ляткі воскам. Ішла зіма. 3 раннімі прыцемкамі, піліпаўкай і маразамі.
На Мастаку быў цёплы світэр і джынсы, бо ў кватэры адчуваўся ўсё той жа восеньскі холад. Светлыя дрэнна падстрыжаныя валасы лахмаціліся над шырокім яго лобам. Прыжмураныя вочы былі шэра-зялёныя, а кароткая рудая бародка дзе-нідзе пачынала, нягледзячы на яго малады ўзрост, сівець. Сарамяжлівая, прыгожая ўсмешка часам асвятляла змрачнаваты твар.
3-за расчыненых дзвярэй выйшла жанчына. Шырокі баваўняны халат толькі падкрэсліваў яе цяжарнасць. Твар з крыху кірпатым носам і меднага колеру валасамі быў зусім просты. На бледнай скуры выдзяляліся карычневыя перадродавыя плямы.
Жанчына сказала:
— Адпачываў бы яшчэ. Час жа дазваляе. Усхапіўся і адразу за свае сусветныя праблемы.
— Мужчына павінен заўсёды нешта шукаць,— сказаў Мастак. — Свой дом і дастатак патрзбны, але ж яны разбэшчваюць. Спрадвечны бой, спакой нам толькі сніцца, нас кліча барацьба...
— Дажартуешся. Няўдачнік. Пакуль кватэру ў рэшце рзшт атрымалі, дык работу страціў у горадзе. Цяпер па лясах блукай. I там пачнеш сваё даказваць, зноў апячэшся, ведаю.
— Добра, Рыта,— прымірэнча сказаў Мастак. — Не будзем сварыцца на дарогу, бо шлях мой цёмны, а раніца пужае...
Але жанчына толькі ўзяла разгон.
— Ну, адхілілі некалькі карцін, не прынялі на гыстаўку. Іншы б паціху свайго дамогся, а ты ў пакрыўджаныя адразу. Хто хоча мёду, той пчол не дражніць. А раней што было, ты памятаеш?
Мастак нервовым рухам узлахмаціў валасы.
— Раней былі сямідзесятыя. Дзе ты, маё юнацтва? Куды цябе, убогае, затаўклі?
— Адно табе зараз наканавана. У балота. Ты ж сам казаў, што той запаведнік — скрозь балота, ды не простае, а адно з буйнейшых у Еўропе.