Віктар Казько
Неруш
© Віктар Казько, 2016
© ТАА "Электронная кнігарня", 2016
Частка першая
…i вялікага сямейнага шчасця
Окіць на бусліка
Лета састарыла зямлю, апачварыла яе твар, узарала палі і абочыны дарог глыбокімі чорнымі трэшчынамі. У трэшчынах, грудах запечанай зямлі квола корпаліся зморшчаныя мурашкі. Глядзець на іх было балюча, было незразумела, як і на чым трымаецца іх жыццё. Сонца цягнула сокі ўжо не з галін і лістоты, а проста з каранёў дрэў. Дарога выпхнула гэтыя карані на паверхню, як выракалася, на пясках іх агалілі сухавейныя вятры, машыны і падводы збілі, здзерлі жыўцом з іх кару. I на месцы гэтых здзёраў, драпін, нібыта сукравіца, блякла наплывалі сок і смала, пакалечаныя карані курчыліся ў гарачым, нібы прысак, пяску, браклі пухлінамі, вязаліся, як вужакі, вузламі і ў гэтых вузлах і нарастах хавалі свой боль. Чэзлі прыдарожныя бярозы і хвоі, заўчасна смяцілі жоўтым лістом і іголкамі, нібы імкнуліся хоць як-небудзь захутацца, абараніць сябе ад цяжару машын і спёкі. Вока чалавека, звера спатыкалася і бегла як мага далей адсюль, бунтавала, адмаўлялася прызнаць родную зямлю – шэрую, бурую, няўтульную, што не здолела адстаяць сябе, з перасохлымі крыніцамі, рэкамі, калодзежамі.
Мацвей Роўда адчуваў, што і сам ён высмяг. Усё было жорстка, крохка і хістка ў ім. Пачуццё смагі, лушчыстасці непраходнае. Як той птушцы, як той кнігаўцы, што ўвесь час плача над балотам, кліча дождж, хочацца загаласіць: пі-іць, пі-іць, пі-іць. А ўжо ж можна было і астудзіцца. Хоць на календары яшчэ амаль тыдзень да восені, сонца, заходзячы ў чырвані, вяртаецца на зямлю белым, белымі іскрамі прыпадаюць ужо ў нізінах да траў прымаразкі. Падобна да таго, што само сонца б'ецца спякотнымі промнямі аб скамянелую зямлю, высякае гэтыя іскры, белы, халодны жар. Па-другому ніяк і не растлумачыць таго, што адбываецца: удзень паліць – спасу няма, а ўначы выстуджвае.
I месяц над вёскай увесь час у венчыку, у касыначцы – на добрае надвор'е, на спёку і холад. Раней адведзенага ім часу, ці то на бясхлебіцу, ці то прадчуваючы халады, збіраюцца ў цёплыя краіны буслы. Як не сотні збілася іх на сенажаці, каб пагаманіць апошні раз на роднай зямлі. Ні даць ні ўзяць, калгасны сход, гэткае наўгародскае веча, нібыта з вякоў векавечных паўсталі з зямлі дзяды і прадзеды – сівыя, босыя, вусцішныя. Няспешна, спаважна, углядаюцца ў высокае чыстае неба, махаюць яму крыламі: пачакай, маўляў, неба, паспеецца, пакуль што абмяркуем зямное. I гэтае зямное, відаць па ўсім, – важнае, спрэчнае. Вось толькі што птахі гладзілі адзін аднаго крыламі, церліся дзюбамі, нерашуча тупалі на месцы, а цяпер во схапіліся загрудкі, ідуць грудзьмі адзін на другога, як мужыкі княжборскія, як палешукі, што нешта не падзялілі: Роўды, Барздыкі, Махахеі. Недарэмна буслоў на Палессі клічуць антонамі. Мацвей прыглядаецца да птушак, нібыта па самай справе пазнае сярод іх сваіх аднавяскоўцаў. Усе яны, увесь Княжбор тут. Тут і яго Алена, і маці, і бацька, і дзед Дзям'ян, і стары Махахей з Махахеіхай. I рыжы Брытан вунь сярод іх – куды ж яму дзецца ад грамады. Рыжы Брытан – гэта той, з рыжымі падпалінамі на крылах бусел, які першы не вытрываў, пайшоў грудзьмі па чарнявага – бацьку свайго. Л дзед Дзям'ян стаіць збоку, наводшыбе ад усіх: упёрся нагамі ў зямлю і паважна ківае галавой.