Читать онлайн «Толькі не гавары маёй маме…»

Автор Адам Глобус

Адам Глобус

Толькі не гавары маёй маме

© Глобус А. , тэкст, 2013

© Выдавец Логвінаў І. П. , 2013

© Вокладкі Gonzai (gonzai. org), 2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Упершыню кніга “Толькі не гавары маёй маме” была надрукаваная ў 1995 годзе ў выдавецтве “Сучасная літаратура”

Трохкутнік

(аповесць пра першае каханне)

Кажу табе: нiчога адметнага не было, нiхто не застрэлiўся. У iншых здараецца страшнае, i яны трапляюць у лякарнi, i труцяцца, i вешаюцца, а ў мяне… Ну, калi ты настойваеш, скажу так: мне было семнаццаць.

Лядачы ўзрост, асаблiва калi вясна, травень, i табе семнаццаць, i ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе блiжэй за ўсiх, – самая прыгожая. А блiжэй за астатнiх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелi. Яна займалася на скульптурным, а я на жывапiсным, але на ўсiх фiзiках-хiмiях мы побач сядзелi, толькi на ангельскай мове я сядзеў адзiн, бо Вольга вывучала французскую. І на беларускую лiтаратуру яна не прыходзiла, дзецям вайскоўцаў дазвалялася не вывучаць бел. лiт. i бел. мову. Яна i не вучыла. Але на ўсiх астатнiх грамадазнаўствах, матэматыках, красленнях мы сядзелi разам.

Другi год сядзелi побач, i калi ў мяне ўзнiкалi розныя думкi, дык я iх праганяў з дзiўнай лёгкасцю. Ну, мала што каму захочацца цi прымроiцца на занудлiвых занятках па вайсковай справе, калi маёр Мухiн у соты раз разбiрае i збiрае аўтамат Калашнiкава, а потым прымушае гэта рабiць усiх па чарзе. А аўтамат адзiн. І калi дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухiна пахне спiртам. Звычайна на вайсковай справе я чытаў.

А Мухiн не любiў тых, хто чытаў. Ён i дзяўчат не любiў, i барадатых не любiў, а тых, хто насiў даўгiя валасы, ненавiдзеў. Ён – маёр Мухiн, пехацiнец – любiў спiрт i аўтамат Калашнiкава. А я любiў чытаць пра мастакоў, пра розных там Радэнаў i Сезанаў. Ну, i калi чытаў пра тое, як Агюст Радэн прымушаў сваiх натуршчыц разгульваць па майстэрнi аголенымi… Ён, Агюст, не мог маляваць, калi натуршчыца сядзела цi ляжала. Чалавек – сабор, якi рухаецца, так ён казаў. I мне ўяўлялiся гэтыя аголеныя, што гуляюць па скульптурнай майстэрнi сярод станкоў i каркасаў.

У семнаццаць i не такое ўяўляецца. У суседнiм доме, наш дом з суседнiм вокны ў вокны стаяў, адзiн мужчына прымушаў сваю жонку мыць падлогу, i не проста так мыць, як усе мыюць, а распранацца дагала i мыць. А сам ён сядаў на канапу i глядзеў, як яна шаруе дошкi сагнуўшыся. А ў мяне быў бiнокль, i я сачыў за iмi з-за фiранак. А потым, яна i дамыць не паспявала, ён рабiў з ёй розныя рознасцi. Эксгiбiцыянiсты чортавы. Я iх на вулiцы баяўся сустракаць. Ідзе такая прыстойная парачка, заходзяць у хлебную краму i купляюць палову чорнага i батон. І ўсё ветлiва, з усмешкамi, i нiхто нiчога, а я чырванею. Натуральна, i, здаецца, усе на мяне глядзяць, нiбыта ведаюць, што я з-за кухоннай фiранкi за людзьмi ў бiнокль падглядаю. І даводзiцца ўцякаць з крамы, нiчога не купiўшы, бо кроў на шчоках так i пульсуе. А тыя нудзiсты кватэрныя хоць бы хны. Добра, што я толькi чырванеў, а то ўявi, каб хто мог думкi чужыя чытаць цi мроi бачыць.