Читать онлайн «Пацалунак на фоне гор»

Автор Анатоль Бутэвіч

Анатоль Бутэвіч

Пацалунак на фоне гор

© Бутэвіч А. І. , 2014

© УП «Мастацкая літаратура», 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Пацалунак на фоне гор

Быў першы дзень восені. Яшчэ не вечар, але ўжо і не надвячорак. Акурат у гэты час на дачах пад Мінскам пачынаюць свае песні конікі. З усіх бакоў чуюцца іхнія траскучыя галасы, ды так блізка, што, здаецца, выцягні руку – і дакранешся да іх, альбо яны самі заскочаць у далонь.

Тут жа, на адным з туапсінскіх чарнаморскіх пляжаў, які атулены горным лесам, таксама чуецца песня. Выводзяць яе цыкады. Толькі не блізенька, а як бы звысоку, бы з гор, што стварае незвычайны эфект стэрэафанічнасці. У нас конікі трашчаць пад нагамі, а тут цвырканне над галавой. І ў рукі спевака не возьмеш, і сам ён не хоча набліжацца, як ні падыходзь да яго. Голас, на які ты ідзеш, нястрымна аддаляецца, нібыта кліча за сабой – увышыню, угору, у горы. Атрымліваецца, ты хочаш падысці да песні бліжэй, а яна ўвесь час гучыць на аднолькавым аддаленні. Пойдзеш за ёй – і заблудзішся ў вечаровых лясных прыцемках. Затое ўволю наслухаешся больш гучных за конікавыя песень.

Паколькі бясконца ісці на звабны поклічны спеў цыкад не хочацца, ногі самі кіруюць да сцішэлай ад дзённага хвалявання вады, якая нарэшце вызвалілася ад даймальных нырцоў-боўтальшчыкаў і ціха, мірна спачывае да заўтрашняй раніцы. Нават лёгкага плёскату не чутно. Зусім рэдкія заўзятары-купальшчыкі паддаліся ласкаваму марскому настрою, не грукаюць прыбярэжнай галькай, не кідаюцца ў ваду, не пляскаюць далонямі і нагамі, а ціхенька кладуцца на натомленае марское цела…

Гэтую маладзенькую пару заўважыў не я адзін. Амаль раўнарослыя, яны, узяўшыся за рукі, нетаропка спусціліся з высокай санаторнай лесвіцы да вады.

Ішлі берагам, мерна пагойдвалі рукамі. Яе далонь грэлася, ці мо адпачывала, у ягонай далоні. І гэта яднала іх, збліжала, надавала загадкавы выгляд. Здавалася, простая повязь маладых рук, а прысутны люд вачэй не спускаў. Мо менавіта таму, што маладыя, захопленыя сабой, не звярталі ўвагі на іншых. Ім было хораша і ўтульна. А ад гэтага – і іншым. Не бянтэжыла ні людская прысутнасць, ні пільныя і мо часам зайздросныя позіркі.

Яны маўчалі. Размаўлялі іхнія вочы. Здавалася, празрыстая надвячоркавая смуга асвятляецца іхнім прамяністым святлом. Менавіта гэта і заўважалі пляжнікі, якія паспелі атуліць свае загарэлыя целы шыкоўнымі вечаровымі сукенкамі ды кашулямі. Прагнымі вачыма – хто адкрыта, а хто ўпотай – яны вялі па гальцы гэтых маладзёнаў. Галька пад нагамі часам моцна грукала, забіраючы тады позіркі цікаўных на сябе.

Хлопец з дзяўчынай прашпацыравалі ля саменькай вады і падняліся па прыступках на набярэжную, за некалькі дзясяткаў метраў ад якой быў той самы музычны лес, дзе выводзілі свае мелодыі цыкады. Абаперліся на высакаватую бетонную агароджу. Пасля моўчкі зірнулі адно на аднаго, і ён спрытна падхапіў яе пад пахі, лёгка прыўзняў, дапамог сесці на шыракаваты парапет. Яна закінула сваю доўгую танклявую нагу, падпружыніла другой і звяла разам пальчыкі і пяткі – паставіла абедзве на парапет.