Читать онлайн «Кніга пра Нішто»

Автор Валентин Акудович

Валянцін Акудовіч

Кніга пра Нішто

© Акудовіч В. , 2012

© І. П. Логвінаў, выдавец, 2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Ад аўтара

Калі я ў нечым і падобны да Бога, дык гэта ў тым, што нас абодвух няма.

Тэза выглядае досыць нахабнай, але гэта калі наперад не ведаць, што кніга запачаткаваная маім даўнім эсэ «Мяне няма», а загалоўную яе частку («Праклён Парменіда») канцуе наступная выснова: «У метафізічным дыскурсе Адсутнае ёсць абсалютнай Ісцінай, якая дакладна пазначае месца і сэнс усяго, чаго раней не было, а потым зноў не будзе».

Толькі гэтая кніга не пра мяне і не пра Бога, і нават не пра нашу з Ім адсутнасць. Гэта кніга пра Адсутнае як такое.

Калі, яшчэ на пачатку 90-х, я нечакана для самога сябе напісаў эсэ «Мяне няма», дык адразу зразумеў, што далей мой шлях толькі ў нікуды. Інакш кажучы, усёй сваёй інтэлігібельнай сутвай я адчуў, што ў метафізічным дыскурсе мяне насамрэч вабіць не тое, што ёсць, а тое, чаго няма. Я быў захоплены (у абодвух сэнсах) магутнай тайніцай нішто, адсутнасці, пустаты…

Як такое магчыма? Як магчымае нішто, што хавае адсутнае, скуль вынікае і куды знікае маё ўласнае «няма»?

Маё рушэнне ў нікуды пачалося яшчэ да эпохі постмадэрна (прынамсі, у маім персанальным досведзе). Але каб гэтай эпохі не было, дык яшчэ невядома, чым бы мой шлях заканцаваўся. Толькі яна была…

Эпоха постмадэрна абнуліла ўсе метафізічныя ўніверсаліі, – пачынаючы з Быцця, Бога і канцуючы Нішто, – і ў гэтым нулі (як яно і належыць нулю) няма апынулася ў адным кантынууме з ёсць. Таму мне толькі засталося абраць пазіцыю першага і пакінуць за спіной другое.

А затым зрабіць крок і яшчэ крок, але ўсяго толькі каб запэўніцца, што я нарэшце патрапіў у нікуды.

З гэтага ў кніжцы апынулася эсэ «Разбурыць Парыж», хаця фармальна яно не мае ніякага дачынення да праблемы Адсутнага. Эсэ цалкам закааптаванае ў праблему постмадэрна як такую (і трохі ў Беларусь, як рэальнасць постмадэрна). Але я цешуся, што здаўмеўся яго сюды далучыць, бо яно дае ўяўленне пра падставы і механізмы дэканструкцыі ўсіх канцэптуальных ідэалагемаў ды іхніх інстытутаў. А без гэтага абнуленне метафізічных універсаліяў магло выглядаць адно негатывісцкай рыторыкай адэптаў постмадэрна.

Кнігу канцуе «Гутарка на развітанне», хаця яе больш слушна было б змясціць перад нізкай тэкстаў «Праклён Парменіда» – у значэнні адмысловых уводзінаў да яго.

Толькі я «Гутарку…» пакінуў наастачу, бо ў ёй мне бачыцца агульная рэтраспекцыя ўсіх маіх ранейшых парыванняў, скіраваная ў загадкавыя і вусцішныя кантэксты Адсутнага.

Мяне няма

У нашую эпоху чалавек упершыню зрабіўся цалкам і поўнасцю праблематычным для самога сябе; ён ужо не ведае, хто ён, але разам з тым ведае, што ён гэтага не ведае.

Макс Шэлер

Частка першая

Зачын

Дыяген шукаў з ліхтаром чалавека і не знайшоў. Потым шукалі іншыя і таксама не знайшлі.

Дык ці быў дзе і калі чалавек?

Людзей было шмат, усюды і заўсёды было шмат людзей, толькі ці быў хоць адзін чалавек?

Дакладней – ці быў чалавек?

Каб пэўна адказаць на гэтае запытанне, трэба напэўна ведаць: хто ён – чалавек? Але якраз гэтага ніхто не ведае.