Генадзь Аўласенка
Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)
© Аўласенка Г. П. , 2014
© Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Выпадак на балоце
Спачатку Максім нават не спалохаўся, страх прыйшоў потым. У першую ж хвіліну, скочыўшы на чарговую купіну і раптам праваліўшыся кудысьці ўніз амаль па калена ў балотную твань, ён адчуў толькі злосць на ўласную сваю няўклюднасць, ды яшчэ прыкрасць, што так няўдала ўсё атрымалася. Халодная брудная вада адразу ж зацякла ў боты… і цяпер давядзецца ажно пяць кіламетраў перціся да вёскі ў мокрым абутку. А раніцай зноў заложыць горла. Як піць даць…
Але, калі ён, таргануўшыся, каб вызваліць ногі з балотнага палону, адчуў, што гэта будзе не так і проста зрабіць, – прыйшла першая занепакоенасць. Не страх яшчэ, але нешта вельмі падобнае на яго. Тым больш што ад гэтага адчайнага рыўка ногі загрузлі яшчэ глыбей, і ўжо нават калені апынуліся ў вадзе… «Нічога сабе прыгода! – пранеслася ў Максімавай галаве раптоўная ліхаманкавая думка. – І гэта на нашым маленькім балотцы, якое я выхадзіў уздоўж і ўпоперак!»
Ён паглядзеў на вядзерца з журавінамі, якое трымаў у левай руцэ. Вядзерца замінала ягоным дзеянням па вызваленні з палону, але ж куды яго дзець? Кінуць уперад, на пагорак? Рызыкоўна, бо ягады могуць рассыпацца… І раптам Максім зразумеў, што працягвае апускацца ўніз! Ужо і ніжні край штармоўкі апынуўся ў вадзе…
Вось тут Максіма і ахапіў першы страх. Не клапоцячыся больш аб журавінах – гары яны гарам – ён кінуў вядзерца ў напрамку пагорка, і яно, вядома ж, павалілася набок.
Але Максіму было ўжо не да вядзерца, як апантаны, ён ірвануўся, напружваючы ўсе сілы… але балота і не думала адпускаць сваю ахвяру…– Вось чорт! – прамарматыў Максім праз моцна сцятыя зубы і, нахіліўшыся ўперад, паспрабаваў дацягнуцца рукой да зарасляў вербалозу на самай ускраіне пагорка. Да вербалозу ён так і не дацягнуўся, а сама гэтая няўдалая спроба вызваліцца прывяла да таго толькі, што ён загруз у багне амаль па пояс.
У поўным адчаі Максім глянуў спачатку ў адзін бок, потым у другі. Звычайна на балотцы ў гэты час былі ягаднікі, хоць некалькі чалавек ды прысутнічала, і Максіму гэта не вельмі падабалася… канкурэнты, як-ніяк… А вось сёння, калі трэба, нікога навокал не было ні відаць, ні нават чуваць…
Ці ўсё ж паспрабаваць, паклікаць?
– Гэй! – як мага гучней крыкнуў Максім. – Людзі! Дапамажыце! Ён змоўк, прыслухоўваючыся, але наўкол па-ранейшаму было ціха.
Між тым туманная раніца паступова саступала месца яснаму вераснёўскаму дню. Сонца ўжо амаль узнялося над лесам… і Максім успомніў раптам, што сёння пасля абеду збіраліся яны з жонкай у райцэнтр, дакладней, у райцэнтр трэба было жонцы, а Максім абяцаў адвесці яе туды на матацыкле… І вось такая няўдача!
– Гэй! – зноў закрычаў Максім што ёсць моцы. – Людзі! Сюды! Ён ужо загруз амаль па грудзі, і ўсё працягваў і працягваў павольна апускацца ўніз.
Сонца паступова пачало прыпякаць, і паветра над балотцам хутка прагравалася. Але балотная твань знізу была халоднай, нібы лёд, і ў Максіма моцна змерзлі ногі. Ён паспрабаваў хоць крыху паварушыць імі, ды так і не змог гэтага зрабіць… «Вось і смерць надышла! – мільганула панічная думка. – Дый так недарэчна!»