Читать онлайн «План Бабарозы»

Автор Павал Касцюкевіч

Павал Касцюкевіч

План Бабарозы

…Як паеду да Дунаю, там дзяўчыну маю.

…Каханне, Шэйнфельд, трэба разбіць на дробныя купюры: не  ыношваць грандыёзных планаў, не рабіць гучных дэкларацый, не ахвяраваць усім жыццём за адзін ход.

Мэір Шалеў. “Як адзін дзень”

© Касцюкевіч Павал, 2016

© Logvino Literatūros namai, 2016

Раздзел 1

Вось яна

Вось яна. Вызірае на свет Божы з авальнага, жаўтавата-шэрага медальёна. Вусны банцікам, з вачэй шугае феерверк гняўлівых яскарак. Фотамайстар, эмальшчык ці хто там трохі перакруціў прапорцыі: вочы выйшлі завялікія, навыкаце, рэшта ж твару – наадварот, здрабнілася. Таму выглядае яна ўсё роўна як суседка знізу, што падазрона зазірае ў вочка тваіх дзвярэй з лесвічнай пляцоўкі (ты ж бачыш яе з кватэры). Дзвярны званок распаляецца да беласці, і з таго боку чуваць лямант пра залітую кухню або нараканні на шум пагулянкі, а таксама пра гатоўнасць усыпаць недысцыплінаваным суседзям-выблядкам перцу з імберцам. Гэтаксама і Бабароза. Назіркам пільнуе з эмаляванага медальёна. І вось-вось, здаецца, я пачую яе тыраду: “Што творыце, га?! Што вы тутай, на гэтым свеце, архараўцы, сабе ўдумалі? Ух, зараз вылезу я з-пад зямлі і задам вам, гоям і нехрысцям, турэцкую лазню!”

Цяпер, на Дзяды, стоячы ў габрэйскім сектары Маскоўскіх могілак, прыгадваю колішнія сюды візіты. Тады Дзядзюля заўжды браў з сабою нібыта для працы стары ручнічок ці анучу, якія імгненна накідваў на медальён. Нават пасля смерці былой цешчы моцы сустракацца з яе позіркам Дзядзюля так і не набраўся. Вельмі ацяжэла рука Бабарозы на ім. А на мне? Ну, ясна, і на мне…

Мой самы першы ўспамін. Сяджу ў дзіцячым вазочку. Кагадзе абкакаўся, але выгляду не падаю.

Адчуваю, пэўна, што на вуліцы сярод мітусні і процьмы іншых пахаў гэтага майго граху ніхто не заўважыць. І ўвогуле мне добра, спакойна… І вось на мяне гіганцкай хмарай наплывае Бабароза.

У нейкім сваім балахоне, як яна любіць, у стылі “ўсё па-багатаму”. У сезоне 1977-78, як я цяпер ведаю, гэта быў шэры балонневы плашч (Бабароза казала “пыльнік”) фінскай вытворчасці.

Яе губны банцік спеліцца імпэтнай чырванню. Бабароза глядзіць на мяне, пераймае маю ўсмешку. Аднак раптам усмешка прападае. Дасканалы банцік скісае ды выцягваецца ў бездакорную трубачку. Бабароза набліжае ўсутыч да мяне твар з узляцелымі высока бровамі. Я надта малы, каб зразумець, што яна кажа словамі, але гэты жывы твар прамаўляе прыблізна наступнае: “Чаго ты выскаляесь-сь-ся, Ігароча-чак, як кот у лядоўні? Чаму ты, смаркач-ч-ча, хай цябе няхай, радуесь-сь-ся? Што ў тваім шарамыжным жыцці такога смешнага? Вось чую, чую – усё ў цябе скончыцца слязьмі!”

Аднак я – ось хоць ты што! – працягваю кроіць ідыёцкую лыбу.

І тут зблізку Бабароза ветрыць непарадак. Яе гіганцкія ноздры варушацца, як шчэлепы люстранага карпа. Зрэнкі круцяцца і робяць поўны эліпс. І ўрэшце я чую яе прарэзлівы крык, фальцэт. На чатыры бакі, ад краю да краю. Зона пакрыцця – мікрараён Зялёны Луг, а, можа, і ўвесь горад Менск.

Жыць пры гэтым крыку мажлівасці няма ніякае. Лямант у Бабарозы шматгалосны. З поўным веданнем таго, што яе прароцкія асцярогі так хутка спраўдзіліся. У адказ я заліваюся беспрабудным плачам.