Читать онлайн «У краіне райскай птушкі»

Автор Янка Мавр

Annotation

У кнігу ўвайшлі дзве прыгодніцкія аповесці вядомага беларускага пісьменніка Янкі Маўра «У краіне райскай птушкі» і «Сын вады». У іх расказваецца пра жыццё і барацьбу народаў Акіяніі і Паўднёвай Амерыкі.

Змест:

У краіне райскай птушкі

Сын вады

Мастак В.  І.  Валынец

Друкуецца з выдання: Маўр Я. Збор твораў. — Мн. : Маст. літ. , 1975, т. 1, 373 с.

Янка Маўр

У краіне райскай птушкі

І

II

III

IV

V

VI

VII

VIII

ІХ

X

Сын вады

І

II

III

IV

V

VI

VII

VIII

ІХ

X

notes

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

Янка Маўр

У краіне райскай птушкі

У краіне райскай птушкі

І

Новая Гвінея.  — У мангравым лесе.  — Кітаец Чунг-лі. — У гасцях у папуасаў.

Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Тры такія дзяржавы, як Англія, маглі б змясціцца на гэтым востраве.

Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце.

Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны.

Па чырвоных кветках даўжынёю і шырынёю з добры ручнік лётае райская птушка, якая толькі і жыве ў гэтай краіне ды на некалькіх бліжэйшых астравах.

Здавалася б, вельмі прыемна жыць у такой краіне, але чамусьці народу там так мала, што на квадратны кіламетр прыпадае ўсяго толькі «палова чалавека». Жыхары Новай Гвінеі — папуасы — знаходзяцца ў такіх умовах, што і да гэтага часу лічацца самымі адсталымі людзьмі на зямлі.

[1]

З еўрапейцаў там стала жыве ўсяго некалькі сот чалавек. Ды і тыя размясціліся толькі па марскіх берагах, а ў цэнтры вострава ёсць нават такія мясціны, дзе ні разу не ступала нага белага чалавека.

Паспрабуем заглянуць у гэтую невядомую цікавую краіну.

…Сонца паліла так, як можа паліць толькі на экватары. Гарачыя праменні нібы праразалі наскрозь усё, што ім траплялася па дарозе, — і лісце дрэў, і ваду, і зямлю. Здаецца, яны хацелі высмактаць з зямлі ўсю вільгаць, але ўсюды было столькі вады, што не сушэй рабілася, а нібы яшчэ вільгатней.

Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя.

Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з'яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі.

Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травіна цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць.

Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы.

А там, ніжэй, ідзе ўжо такая гушчыня, што і не разбярэш, што там расце. Праўда, большасць дрэў для нас зусім і невядомыя. Лісце вялізнае ярка-зялёнае, нібы тлустае, а кветкі проста гараць рознымі колерамі. Нават наша папараць расце тут як дрэва, велічынёю з сасну. Бліжэй да вады размясціліся так званыя мангравыя дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць.