Сяргей Пясецкі
КАХАНАК ВЯЛІКАЙ МЯДЗВЕДЗІЦЫ
Пераклад з польскай Фелікса Янушкевіча.
Кіраўнік выдавецкага праекта «Сяргей Пясецкі і Беларусь» Язэп Янушкевіч.
© Янушкевіч Ф. , пераклад на беларускую, 2009
© Расолька М. , Янушкевіч Ф. , вокладка, 2009
© Янушкевіч Ф. , Янушкевіч Я. , афармленне, 2009
Прадмова
Летам 1936 г. я зрабіў восем тысячаў кіламетраў, кружляючы ўздоўж усходняй сцяны.
Наша граніца з Саветамі хоць і патужэла ў абдратаванні, дрыжыць непакоем. Так, нібы мы знаходзімся ля падножжа вулкана. На ім растуць кветкі і пасвяцца козы. Толькі застылыя ў падножжа шлакавыя лавы прамаўляюць пра тое, што было. I чуем пад зямлёй няўломнае трымценне.
Тыя застылыя лавы мінуўшчыны — гэта крыжы па лясах, стаўляныя загінуўшым у барацьбе з дыверсійнымі бандамі паліцыянтам, гэта людскія праломіны пад стрэхамі сялянскіх хацін, праломіны сярод людзей, якіх выбухі Еўраазіі змялі, ці вымелі. Гэта крывае апавяданне, што дыхае злачынствам усходу, пасля якога ў душах людзей засталіся глыбокія раны.
Трымценне тое няўломнае — часам гэта прыведзены на стражніцу КОПУ[1] індывідуум, які імкнецца за драты, гэта няўлоўныя чуткі, што невядомымі шляхамі раптоўна паўзуць па вёсках, гэта прадуманая дыверсія, якая знянацку насычае камуністычнымі настроямі нашыя камунікацыйныя артэрыі, нашы вузлавыя пункты.
На граніцы прамінуў час залатых інтарэсаў — імпартовых і экспартовых, кантрабандысцкага эльдарада, ашалелых рэйдаў, арганізаваных гуртоў. Жыццё граніцы пайшло пад зямлю, але не замерла.
Я паходжу з Віцебска-Смаленскай брамы, брамы семдзесят кіламетраў ушыркі, у якой на працягу яе гісторыі адбылося 28 вялікіх бітваў. Можа, таму мы, людзі адтуль, маем адмыслова адчувальнае сейсмічнае вуха на шолахі з еўразійскіх абшараў, на мелодыю граніцы, якая ўсяляк у нашай гісторыі бегла ад бярозкі да бярозкі, ад балацінкі да балацінкі, пасам невядомым, пасам шырокім, не раз на некалькі дзесяткаў кіламетраў.
Можа таму я спецыяльна старанна занатоўваў тыя трымценні граніцы.
Таму для мяне сталася вялікім здарэннем, калі аднойчы я атрымаў з астрога на Святым Крыжы два вялікія агульныя сшыткі, засыпаныя дробным макам літарак, і калі ўчытаўся ў іх, зразумеў, што гэта піша свае ўспаміны колішні перамытнік з ракаўска-івянецкага памежжа.
Сяргей Пясецкі — так называўся аўтар, — пісаў:
«Калі б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць з граніцы на даўжэйшым яе прамежку павалоку змроку, мы б убачылі партыі перамытнікаў, якія цягнуцца да граніцы… Ідуць па трох, па пяцёх і нават па дзесяцёх і звыш. Большыя групы вядуць „машыністы“, якія дасканала ведаюць мяжу і пагранічча. Малыя партыі ходзяць пераважна на сваю руку. Ідуць нават жанчыны, па некалькі адразу, каб за золата, срэбра і даляры купіць у Польшчы тавараў і з ліхвой прадаць у Саветах. Ёсць і ўзброеныя групы, але іх вельмі мала. Зброю перамытнікі не носяць. А калі хтосьці з іх бярэ з сабой комін, дык пры затрыманні, калі бачыць, што мае справу не з хамамі, абрэзаў[2] якіх перамытнікі баяцца больш за ўсё, тады адкідае зброю ад сябе. Са зброяй ходзяць Алінчукі, Сашка і некаторыя іншыя перамытнікі, што маюць на тое вельмі важкія падставы.