Вацлаў Ластоўскі
Лабірынты
І
Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях…» — пісаў ён мне ў сваім лісце.
Вечарам таго ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасцініцах.
Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўняй княжай сялібе — Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўчаснікамі, як яны называлі, «Археалагічнай вольнай контэрфратэрніі». Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар'еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць названне гораду не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаванні прастарой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць «Полотск», «полотскій» і т. д. , а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі — «Полотеск», кансерватары ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.
Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г. п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.
Мы ўмовіліся сустрэцца разам з іншымі яшчэ ўчаснікамі «вольнай контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.
Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н. , маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем Падземны чалавек, спецыяльнасцю яго было знанне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».