Читать онлайн «Маўчанне травы: Паэма лёсу»

Автор Василий Зуёнок

Васіль Зуёнак

Маўчанне травы

Маўчанне травы: Паэма лёсу. — Мн. :Маст. літ. , 1980. — 192 с. , 8 л. іл.

Рэдактар В. Б. Спрынчан

Мастацкія рэдактары Е. М. Малышава, В. П. Жыжэнка

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

1

Запросіны

Палёўкай пры лесе — Узбор'е —

Вёска — сорак двароў:

На захад — жытное горне,

На ўсход — перазовы бароў.

Куды пахінуцца — гадае,

Напэўна, тысячу год:

На захад — дзень хлебадайны,

На ўсходзе — песні ўмалот.

Ледзь певень абудзіць падвор'е —

Не ломіць ніхто караля:

Не ведае стомы Узбор'е,

Спрадвеку жыве з мазаля.

Вяснуецца ў полі з сяўнёю,

П'е жніўнем з ламоткіх крыніц

I боханам — сонцу раўнёю —

Узыходзіць на покут святліц.

Ля борцяў узятак цікуе,

Румуе калоды на сплаў,

Цяслярыць і скрыпкі штукуе —

Ніхто не прыліпне да лаў!

Вось так і трывае паціху,

Не звыклая часу лічыць,

З прымоўем: няўродзіца — ліха

I ліха — як песня маўчыць.

Купалка, вяснянка, калядка,

Талочніца, жніўка, кума,

Скакуха, любоўніца-звадка

І тая — каб сват не драмаў...

Я слухаў вас. Хай пазайздросцяць,

Каму не ўдалося пачуць!. .

Ляжаць спевакі на пагосце...

А песні?. .

Ды лепш памаўчу...

Бываюць жа цуды зямныя!

I ёсць паміж ix старана:

То баравая заные,

То жніўная ў сэрцы струна.

2

Карчма

Дарог на свеце мноства,

Ды дзве

любы куток

Скрыжоўваюць наўпроста:

Аснова і уток.

Аснова весніх крокаў,

Уток гадоў-надзей:

Ніхто не пройдзе бокам —

I ў шчасці, і ў бядзе...

Усё і ў нас, як трэба:

Узбор'е — на крыжах,—

Цягні свой воз пад небам,

Нібы на двух гужах...

Адна раскашавала

Дарога ўсцяж палёў,

Другая прышывала

Узбор'е да бароў.

На ростані, прагорклай

Ад часу й палыну,

Буяла Веснагорка

Паганствам штовясну:

Спяванкі, жарты, скокі,

Арэлі, карусель,

Пад поўняй аднавокай —

Трава ды жаўтазель...

A ўзбоч — карчма стаяла,

I рэй тут вёў Абром,

Збіваў машну памалу,

Скупляючы дабро.

Жытам, аўсам ды грэчкам

Даваў дарогу ён

I сала не адпрэчваў,

Абы ўзрастала ў плён!

Каб сухавей не яхкаў,

Каб спорыўся ўмалот,

Абром маліўся Яхве,

Хрысту — мужыцкі род.

Дабpo на стол заморскі

Сплывала па Дзвіне.

У Рызе пот узборскі

Чырвонцамі звінеў.

Ды там ужо кілзалі

Гешэфт тузы з тузоў...

Абром жа, мы б сказалі,

Beў працу між нізоў.

А Хана карчмавала —

Не быў манахам стол —

Варыла, шынкавала

Ды брала на засол.

І чарка вам, і закусь,

І драбяза-тавар:

Істужка, булка з макам,—

Так і гусцеў навар.

Усіх вітала Ханка —

Хто зблізку, хто здалёк:

Падкочвала фурманка,

Туліўся хатулёк...

За грошы і ў пазыку —

Ніхто не меў заган:

Вандроўныя музыкі

І канакрад цыган.

Чаляднікі медзь трэслі,

І ў шклянцы вус мачыў

Ляснік, што ўчора ў лесе

Пні-свежакі злічыў.

Ды вэрхалу найболей

І выручкі было,

Калі ў карчме застолле

Нядзельнае гуло.

Збіралася бяседа

На прыцемку — тады,

Як вечар за абедам

На нюх лавіў сляды.

Ішлі сабе няўзнакі:

Адзін — прадаць авёс,

Другі — стральнуць табакі,

A трэці — байку нёс.

Па кроплі і яшчэ раз

Сагрэтая душа

З ярма нядолі шэрай

Прасілася спярша.

І гойдалася нізка

Ў дыме гамана,

Пакуль сляпы Аніска

Жалейку не кранаў.

Тады скакала ў пяткі

Вясёлая душа,

Хоць за душой і ў святкі

Не мела ні граша.

Скакала не ад страху,

Скакала не сп'яна,

Скідала апранаху

І гнала ў дол яна

Ўдарамі абцаса

І гора, і нуду.

І кідала тым часам

Прыпеўку на хаду:

Авохці мне,