Читать онлайн «Палёт над жытам»

Автор Нина Матяш

Ніна Мацяш

Палёт над жытам

Падрыхтаванае на падставе: Ніна Мацяш, Палёт над жытам. Вершы — Брэст, Выд. С. Лаўрова, 1997. — 58с. Серыя: Берасьцейскае вогнішча.

Рэдактар Зінаіда Дудзюк

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

* * *

Я маю толькі ймя.

Чатары літаркі-

нібы чатыры бакі свету.

Твор,

мне прадвызначаны

дзеля пераствору

у плынь жыцця.

Тайнапіс лёсу, каторы

спрабую адтаемніць.

ТУТ, І ЦЯПЕР

Тут,

і цяпер

няўступна ўнушаецца,

што паныласць -

нармальны стан чалавека,

а прыязная ўсмешка -

гэта шчырасць

маскі.

Тут;

і цяпер

ваявіта даводзіцца,

што хлусня -

гэта чыстая праўда,

што ж да праўды самой,

то яе

увогуле не існуе,

а, значыцца,

няма і хлусні.

Тут,

і цяпер

расхлябенены

усе дзверы постраху,

каб замкнуліся вусны

на пытанні

пра духаўздымнае вызваленне,

магчымае тут,

і цяпер.

Покуль ёсць адважнікі,

будуць і баязліўцы.

Покуль ёсць баязліўцы -

будуць адважнікі.

Лунае высокае рэха:

Яднаймася!

Тут, і цяпер!

НЕ ЧУЕ

Усшэсця Госпадава дзень,

Вялічанне Ўсёмоцы Духа.

Прыпятых да зямлі людаей

Слоў шаматкая пацяруха,

Спаклонліва цалуе крыж

Хто целам, хто душой калекі,

І вочы кожнага - наўзвыш,

І модлы кожнага - пра лекі.

А строгасць воблікаў Святых

Тысячагоддзі ўсцяж вястуе:

Гасподзь схіляецца да ўсіх,

Ды

духам ніцых

Ён не чуе.

А ХТО ЗАМАХНЕЦЦА...

Мы - творства руіны.

Мы любім руіну:

і жывімся ёю ж бо,

і пустацвецім,

і хто замахнецца на нашу айчыну,

хай мае на ўвеце:

былое жыве -

не бяскрыўдна блукае

дзень-ноч самапасам

па друзе зляжалым.

Атругаю марыва

засцерагаем,

раздвоеным джалам:

у блёкаце

задзірванела ўзбуялым,

правітым ажынай

на сцежках вужыных,

ніхто

не зачэпіць тут

беспакарана

нас-

творства руіны,

нас -

творцаў руіны.

НА КАРЦІНАХ УРШУЛЫ

На карцінах Уршулы Люке

Барукаюцца з ветрам дрэвы,

Каб спакойна, патульна жылося

Невідочна-прысутным бюргерам

У мурах-камяніцах іхных:

Шчытна тоўпяцца мураванкі

На карцінах Уршулы Люке,

І ўцякае пад мостам Шпрэвэ,

І пад гнётам свайго пачварства

Вывінаецца, і пруцянее,

Распадае глумлівы спрут,

Што берлінскай сцяною зваўся, -

І хрыстосуюцца ў нябёсах

Мужна выстаялыя дрэвы.

На карцінах Уршулы Люке

Так звычайна ўсё -

а шматмерна.

Лаканічна-

а так яскрава.

Красамоўна.

Як і выява

Тых кладоў, маляваных мастачкай

Пад Варонежам ці пад Самарай

(а магла б і ў Белаазёрску,

ці ў любой беларускай мясціне -

маем скрозь мы такія пагосты):

Пад аголеным небам — нямыя

Земляныя гарбочкі, а кожны,

Кожны-загарадкай апяты:

Клеткі, клеткі...

і тут клеткі, клеткі...

- Нашым людзям цяжка даўмецца,

Што я гэта намалявала, -

уздыхае Уршула.

ДА СУСТРЭЧЫ!

Маўклівым развітальным клінам

Ляцелі гусі над Берлінам,

А мы па Мюллерштрасэ йшлі

І ўслед за выраем гусіным

Вачыма ўзрушана вялі.

Адкуль вы, гусі? З Беларусі?

Куды вы, гусі? Ў цёплы край?. .

Няма адказу. Знай цярусіць

Сняжок з нябёсаў, быццам гусі

Свой пух страсаюць на "бывай",

Халодны пух ляціць - не тае,

І на плячах не растае.

Так і Айчыну замятае...

Даўно старонка дарагая

Нам на цяпло сваё скупая.

Любові ад людзей чакае.

Не ўмеюць людзі грэць яе.

Мы заўтра вернемся дадому.

У непагадзь, у безладзь, стому.

З чужыны - бы на чужыну...

Вам, птахі верныя, вядома,

Як цяжка з золі, з ледалому

Выдабываць крыльмі вясну.

Да стрэчы,гусі!

ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА

Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх: