Уладзімір Някляеў
Вынаходцы вятроў
© kamunikat. org
Станцыя выратавання
***
Людміле
Уступаю ў пару лістапада.
Дай руку.
Аціхае зялёная музыка звадаў,
Пад якую скакаў я,
Як цэп на таку.
Прадчуваннямі сэрца зайшлося.
Падрыхтоўваю споведзь лясам.
Вось збылося...
Што збылося — не ведаю сам.
Выпраўляе нас лета,
Выпраўляе — назад не чакае...
Ведай, любая, ведай:
Немінуча кахаю.
Дай руку, хай спаткаюцца
Акіяны пяшчоты і млосці...
Маладосць прадаўжаецца
Успамінамі аб маладосці.
Гэтай сумнай высновы
У наступныя дні
не бяры.
Недзе цень мой сасновы
Шчэ шуміць у бары.
Недзе твой, тапаліны,
Атуляе чаромху і бэз...
Можна жыць з успамінамі.
Можна без.
Ранак наш — верагоднасць...
Непазбыўна планету цяжарыць
Непарыўная роднасць
Пладоў і пажараў.
Ты абрана прыродай,
Яна табе права дае
Таямніцай валодаць —
I не знаць пра яе.
Спачуваць?. .
Ці зайздросціць?. .
Твайго болю збаўлення
Не ўспомню!
Маладзік маладосці
Акругляецца ў поўню.
I прыходзіць гадзіна
Не збіраць і раскідваць каменні,
А прад любай, адзінай
Стаяць на каленях.
Праз яе парадніцца
3 кожным дрэвам. вадою. травою...
Дай руку,
Дай мне зноўку з'явіцца ўратаваным табою...
***
Сцішэла.
3 велічных вышынь
Сышлі хмарыны снегавыя.
Што мы з табою?. . Як ні кінь —
Дзве лініі берагавыя.
Над стромамі ракі ў снягах
Здаецца: берагі самкнёны.
Нашто ж (для самаабароны?)
Лязо расколінкі ў вачах?
О лістабой! Грымі трубой!
Не дай на свет зірнуць цвяроза.
Сцішэе — і чуваць пагроза
Жаданай еднасці людской...
Я зводаў, шлях прайшоўшы свой
Расчараванняў цёмнай пушчай:
Дабро — абняць рукой сляпой,
Бяда — караць рукой відушчай.
І я люляю на плячы
Твае далоні дарагія,
Каб хоць на ноч (маўчы... маўчы... )
Лязо расколінкі (маўчы... )
Упала кладачкай (маўчы... )
На лініі берагавыя.
Станцыя выратавання
1
Ляцяць аблокі ў вырай тайны.
Бары над Нёманам маўчаць.
На станцыі выратавання
Матросы спяць.
Матросы спяць магутна, весела;
На сон
прыняўшы на траіх,—
Матросы спяць, як ходзяць з песнямі
Ў страі.
Матросы спяць. Ім сны не сняцца.
Не пераплыць праз Нёман снам.
I калі трэба ратавацца —
Ратуйся сам.
2
Гісторый
вострых і салоненькіх
Здаралася ў жыцці нямала...
Было: хапаўся за саломінку —
Трымала.
... На плёсах лёс гу. тяе з ломікам.
Матросы спяць і сноў не бачаць.
I круціцца ў віры саломінка
Маёй удачы.
3
Як рукі нашыя сашчэплены!
Нібы замкі.
Салодка адчуваю
шчэлепы
I плаўнікі.
Ад усяго і ўсіх свабодныя,
Імкліва, коса
Плывём, на сон ракі падобныя,
У сны матросаў.
Нас хвалі выкінуць на ранні,
Як рыб, па бераг...
На станцыі выратавання
Не рыпнуць дзверы.
***
Аднавяскоўцы мае.
Аднавякоўцы мае.
Сёлета ніва ўрадзіла.
3 чаркаю бацька ўстае.
Вечар... Сузор'і... Радзіма...
Аднавяскоўцы мае.
Бохан чарнее прыгаркам.
Голад чарнее нічым.
Вып'ем паднятую чарку,
Пусцім па кругу цыгарку
I памаўчым.
Цесна ў бацькоўскае хаце.
Ды ў цеснаце — не ў бядзе.
— Суньцеся, дзядзька Ігнаце!
Цётка Данута ідзе.
Лава дугою прагнута.
Чар-
кі
ляцяць са стала.
- Мо заспяваеш, Данута?. .
I павяла, павяла...
«Ой аддалі маладую
На чужую старану...
Ой, бяду я адбядую,
Ой, зіму я адзімую,
Ой, жыццё я аджыву... »
— Сумна спяваеце, бабы.
Дзс там гармонік? А ну!. .
Бабы ўспрацівяцца слаба:
— Зноў мужыкі пра вайну...
Сыплецца позняя квецень.