Читать онлайн «Прыгоды Бульбобаў»

Автор Павел Місько

Павал Місько

Прыгоды Бульбобаў

Прыгоды бульбобаў / П. Місько. —. Мінск: Мастацкая літаратура, 2009.

Прыгоды Бульбобаў

Былі сляпыя, сталі відушчыя

А я ўжо думаў, што нічога на свеце лепшага і не трэба...

Праўда, спачатку нават не думаў. Проста адчуваў, як мне добранька, калі спіш каля чагосьці цёплага, мяккага, варухлівага, вялікага. І пахучага. Я гэты родны пах не пераблытаю ні з якім іншым. Бо ёсць яшчэ каля мяне нешта варухлівае, але не такое вялікае. Яно і пахне крыху не так. І не пасмокчаш яго. Праўда, я спрабаваў пасмактаць - за вуха ці за хвосцік, але смаку ніякага. Так - забаўка. А вось калі патыцкаешся мордачкай у тое вялікае і цёплае, зловіш такую сусолачку...

Ой, не магу!. . Цмокнеш раз, другі, і ў рот табе пальецца такое салодкае, смачнае, духмянае. Толькі каўтай, не марудзь. І каўтаеш, пырхаеш, аж захлёбваешся, і чуеш, як у тваім жывоціку цяплее, а па ўсім целе перакочваецца прыемная млявасць, ахоплівае дрымота. Ах, якая дабрыня!

А сёння толькі прачнуўся, пазяхнуў, як штосьці балюча рэзнула ў правае вока. Я перапужаўся і зноў заплюшчыў яго. От жа дзіва, га? Што гэта магло б такое быць? Што са мною сёння здарылася? Зноў паціху расплюшчваю вока - і зноў заплюшчваю ад страху. Ай-яй-яй! Так светла-светла наўкол, здаецца, нават у табе самім усё свеціцца. А сярод светлага ёсць яшчэ больш светлае - кружок. На яго ажно глянуць балюча, хіба як прыплюшчыш павекі, зробіш вузенькую шчылінку.

- Ну, што ты мне міргаеш адным вокам? Добрай раніцы, сынок!

Тое цёплае і вялікае, з-за каго я спалохана паглядваў на светлы кружок, узнялося нада мною. Не ўсё: адна толькі вялікая галава з вялікімі вушамі і вялікімі добрымі вачыма.

- Што, кажу, падміргваеш мне? Давай умывацца... Але спачатку пацягніся добра, каб усе жылкі затрашчалі, фіззарадачку зрабі.

Калі я пацягнуўся як след, галава схілілася нада мною, лізнула мне нос і губы, правае і левае вока, за вушамі, зноў вочы - правае і левае.

- От та-ак... От та-а-ак... Каб добра вочкі глядзелі, - вурчала галава.

Я ўжо бачыў на абодва вокі, у вачах больш не рэзала, як спачатку.

- Хто ты? - прапішчаў я.

- Твая мама.

- Ма-а-а-ама-а... - Мне зрабілася лёгка і радасна. Дык вось яно хто - тое вялікае, цёплае, добрае! І смачнае, пахучае! Гэта проста мая мама. Мама, мама!

- А хто я?

- Мой сынок, сабачаня. Ну, а ты чаго не прачынаешся? - Мама лізнула і тое цёплае, што ляжала справа ад мяне каля мамінага жывата. Такое, як і я, па росту і масці такое - шэранькае. - Уставай! Брацік твой зусім-зусім прачнуўся, у яго ўжо вочкі глядзяць. А ты... Эх ты, лежабок...

Мама вурчала і ўмывала яго языком. Усяго - ад носа да хвосціка. Брацік мой соладка мружыў вочы, крахтаў ад задавальнення. Але чаму мама яго ўсяго мые, а мяне толькі палізала ў пыску, у вочкі, за вушкамі? Што я - горшы за брата? Калі ён мне брат, то хто я яму? Таксама брат.

Два браты, абодва роўныя, і мама нас павінна любіць аднолькава.

Я не паспеў добра пакрыўдзіцца, як мама зноў пачала лізаць мяне, умываць і спінку, і жывоцік, і пад лапкамі.

- Ух-ха-ха! Ой, ха-ха-ха! - Ад казытання мяне разбіраў смех - не вытрываць проста. А язык у мамы мокры, шурпаты, але і далікатны.