Аляксей Карпюк
Выбраныя творы
БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР
Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Заснавана ў 1996 годзе
Укладанне, прадмова, каментар Аляксандра Фядуты
Выдавецтва выказвае шчырую падзяку родным і блізкім Аляксея Карпюка за важкі ўклад у выданне гэтай кнігі.
© Карпюк А. , 2007
Выбраныя творы / Аляксей Карпюк; Уклад. , прадм. , камент А. Фядута. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 600 с. [8] с: іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
ІSВN 978-985-6852-15-5.
© OCR: Камунікат. org, 2011 год
© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2011 год
У ЗМАГАННІ ЗА ПРАЎДУ
За значнымі пісьменнікамі ў чытацкай свядомасці замацоўваецца слава «песняроў роднага краю». Кожны чытач пацвердзіць, што месца дзеяння раманаў Міхаіла Шолахава — родная станіца Вёшанская, што колькі б ні апісваў Іван Тургенеў рускую вёску — усё роўна выходзіў на Спаскае-Лутавінава і ваколіцы; нарэшце, зразумела, які яскравы матэрыял далі Палтаўшчына маладому Мікалаю Гогалю, а Стаўбцоўшчына — Якубу Коласу. Не варта гаварыць пра сусветна вядомых пісьменнікаў-«рэгіяналаў» — прыкладам, пра шатландцаў Роберта Бёрнса і Вальтара Скота ці пра жыхара Праванса Альфонса Дадэ.
Асаблівы выпадак — Уільям Фолкнэр. Ён прыдумаў свой рэгіён, падобны і непадобны адначасова на яго радзіму, але ў любым выпад-ку абсалютна пазнавальны.
Ёкнапатофа Фолкнэра — гэта маленькі амерыканскі гарадок, які адсутнічае на геаграфічных картах, але існуе на старонках фолкнараўскіх кніг — са сваёй тапаграфіяй, са сваімі вуліцамі і дамамі ды іх насельнікамі.Аляксею Карпюку не трэба было нічога выдумляць. Большую частку свайго жыцця ён пражыў у Гародні, сталіцы Заходняй Беларусі, і пераўтварыў гэты горад у сваю Ёкнапатофу — цэнтр сваёй літаратурнай карты. I калі чытаеш яго кнігі, адчуваеш сябе экскурсантам, якога вядзе па Гародні разумны і ўважлівы гаспадар гэтай зямлі, які ведае ўсё і ўсіх навакол.
Аднак Аляксей Карпюк нарадзіўся не ў Гародні. Яго «малой радзімай» была вёска Страшава Беластоцкага ваяводства ў Польшчы (паводле польскіх дакументаў — Ваўкавыскі павет). Беласточчына спрадвеку заселеная этнічнымі беларусамі, і бацька будучага пісьмен-ніка, Нічыпар Аляксеевіч Карпюк, быў адным з іх. У хаце гаварылі на той характэрнай для Заходняй Беларусі сумесі пераважна беларускай і польскай моваў, на якой загавораць пазней героі аднаго з лепшых раманаў Карпюка — «Вершалінскага раю».
Сям'я была не вельмі заможная, працаваць даводзілася многа. Сам пісьменнік у аўтабіяграфічным нарысе «Мая Джамалунгма» прыгадваў: «Мы мелі 18 гектараў зямлі і 13 — балота. Зямля была пясчаная, камяністая, — каб невядома якая ліла навальніца, а лужаў не бывала нават у барознах. I балота — суцэльны тарфянік. Наколькі я памятаю, мы заўсёды трымалі аднаго каня, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Зямлю абраблялі сваёй сям'ёй. Толькі часамі ў дажджлівую восень наймалі жанчын капаць бульбу.
Успамінаючы дзяцінства, я сябе амаль не бачу сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі запомнілася, як у спякотнае лета ные спіна, салёны пот засцілае вочы, а ты з перавяслам у руках з сумам і надзеяй пазіраеш на неба: калі ж, урэшце, пойдзе той дождж, каб можна было залезці ў бабкі, паляжаць... А то, памятаю, хацелася захварэць, каб адпачыць, выспацца».