Читать онлайн «Выбраныя творы ў двух тамах. Том І»

Автор Виктор Козько

Віктар Казько

ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ Ў ДВУХ ТАМАХ. Том І

Падрыхтаванае на падставе: Віктар Казько, Выбраныя творы ў двух тамах Том І. Неруш: Раман. Апавяданні. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 479 с. , [1] л. партр.

ISBN 5-З40-00518-6

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

ВЕЧНЫ САД У ЗОНЕ ЗНІШЧЭННЯ

Цёплы светлы майскі вечар. Далёка ўнізе за акном затухае ў дрымоце Старавіленская вуліца. Адкладзены ўбок часопіс з артыкулам Астаф'ева пра Гогаля. Паблісквае блакітным вокам тэлевізар — Беражкоў успамінае паездку з Молатавым у Германію. Паглядваем на экран, размаўляем.

- Ну што, так я нічога і не здолеў растлумачыць?. .

- Віктар Апанасавіч, а ў што вы верылі ў дзіцячым доме?

- ... У камунізм.

Імя Віктара Казько ў свядомасці большасці тых, хто сёння чытае, звязана з пакаленнем «дзяцей вайны». Крытыкі адзначылі гэта пакаленне як «трэцюю хвалю ваеннай прозы». Гутаркі і інтэрв'ю да  дня Перамогі, запрашэнні на «круглыя сталы» і «тэматычныя канферэнцыі» — трывалае месца ў картатэцы літаратурнага працэсу. Сам жа пісьменнік, беручы ўдзел у гэтых гутарках і канферэнцыях, настойліва агаворваў: «Я не адношу сябе да тых, хто піша пра вайну». I зноў: «Я не пісаў пра вайну». I зноў: «Я ніколі не пісаў пра вайну ўвогуле». I тлумачыў: «Я пісаў толькі пра тое, што зведаў, перажыў сам».

Дык што, шэсць аповесцяў і два раманы Віктара Казько — проза аўтабіяграфічная, гісторыя яго сучасніка, яго пакалення?.

. Усё ж не, не гісторыя, халодная, храналагічная лінейная, жорстка прыземленая фактамі. Зноў жа, найбольш дакладнае вызначэнне знайшоў ён сам, распавядаючы аб рабоце над апошнім сваім раманам: «Гэта мая споведзь перад чытачом, часам і самім сабою».

Пачыналася гэта споведзь амаль дваццаць гадоў назад аповесцю «Высакосны год». Па пакручастай, аблытанай каранямі сцежцы быў зроблены пісьменнікам першы крок — дамоў, у дзяцінства. Каб потым, саступіўшы з гэтай сцежкі ў «Аповесці пра беспрытульнае каханне» і «Судзе ў Слабадзе», у «Нерушы» і «Хроніцы дзетдомаўскага саду», спыніцца і спытаць сябе і нас: «Каму ж, у чые рукі мы перадалі ўсё гэта, чаму ж у розруху наш дом?. . »

«Не мяне — сябе згубілі, вярніцеся ў дом свой» — так гаворыцца ў Святым Пісанні...

ВЯРТАННЕ ПЕРШАЕ

«Высакосны год».  «Аповесць пра беспрытульнае каханне».  «Суд у Слабадзе».

Такім чынам, дом. Хата. Дзіцячы дом, куды Віктар Казько трапіў — сам дакладна не памятае — годзе ў пяцьдзесят першым ці другім. Дзяцінства. Як ён спрабаваў пераканаць мяне ў адной з нашых даўніх размоў, што дзяцінства яго было шчаслівае, зусім у адпаведнасці з хрэстаматыйнай талстоўскай формулай! Успамінаў вясну, на ўсе чатыры бакі свету разліў Случы, плыты, цёплы дождж, даўкі камяк радасці ў горле... I які цяжкі быў кожны крок назад, у глыбіню памяці, у той час, што быў ужо не дзяцінствам, але — вайною.

— Разумееш, тады не думалася, не было такога ўсведамлення, што вайна — гэта нешта незвычайнае, часовае. Гэта было жыццё, натуральны яго стан. Здавалася, так і павінна быць: чалавек хаваецца, жыве ў норах-зямлянках, за ім гоняцца, калі даганяюць, страляюць, забіваюць —палююць, як па звера... Трэба хавацца і ўцякаць. I ёсць дарога... Калі я думаю пра вайну, я заўсёды бачу дарогу. Адчування прытулку, прыстанішча, хаты няма, толькі дарога...