Ніна Мацяш
Душою з небам гаварыць
Выбраная лірыка
Падрыхтаванае на падставе: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. — Мн. : Маст. літ. , 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
УДК 882. 6-1
ISВN 985-02-0438-9
Copyright © 2013 by Kamunikat. org
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі...
ТРЫ ДУДКІ
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!. .
Падзьмеш у адну —
і высахнуць слёзы;
У другую падзьмеш —
засмяешся знячэўку;
Возьмеш трэцюю —
пусцішся ў скокі...
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!
Паўжыцця давялося схадзіць,
Каб здабыць вас,
І цяжка даць веры яшчэ,
Што ў руках у мяне вы.
Але ў першую дудку
таямнічага слова
падзьму —
Высыхае слязіна;
Паднясу другую да вуснаў —
і ўсміхацца гатова;
А на трэцяй зайграю —
смех паклоніцца нізка слязе
За спатканае шчасце.
1975
* * *
... Успрымаць як цуд, што я жыву,
Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву
Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку,
Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску
Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая
Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?!
Дзівавацца гэтаму ўдвая...
1978
* * *
Вучуся ў дрэў.
У ніцае ракіты —
Глыбей у глебу весці карані,
А у бярозы, восенню акрытай, —
Вяртаць лістотай сонца з вышыні.
Вучуся ў дрэў.
I навучыцца б толькі
Пранесці праз усё маё жыццё
Бясстрашнае такое ж, як у вольхі
Зялёнае і ў лістапад — лісцё.
1972
ЛЮДВІГ ВАН БЕТХОВЕН
Ёсць толькі шлях.
Адзіна ён не здрадзіць.
Няхай жа ён
Прамы і шчасны будзе!
Шчаслівы —
Насуперак бяздоннай беспрытульнасці,
Прамы —
Насуперак неадназначнасці й сумненню.
Ці дзякуючы гэтаму?
Ісці за рэхам, .
Блізкім і загадкавым,
За водгуллем
Бяссмертна-жыватворнай музыкі
Той роднасці, той годнасці, якімі
Жывыя мы, —
Каб потым,
Не дужа рана
I не надта позна,
Якраз у час, каб зразумець, адчуць,
Што пакрываўленая,
Дужая, прыўзнятая
Душа
Усё ж вярнула,
Вярнула людзям ноту іх душы
I гэтым далучылася да водгулля
I роднасці, і годнасці, якімі
Усе жывыя мы:
Бо ноту гэтую
Праўдзівай
Людзі прызналі непаблажліва.
Хай будзе шлях
Прамы і мужны!
1976
ЦВІТУЦЬ ЛУГІ
Калі і як з нябёс вясёлка
Упала тут на мурагі?
Ды разляцеліся асколкі —
Цвітуць лугі, цвітуць лугі!
I гэтак хораша на сэрцы,
I я сама цвіту, цвіту,
I маладую песню вецер
Зрывае з вуснаў на хаду.
I, можа, там, за сінім гаем,
За плынню сонечнай смугі,
Я незнарок цябе спаткаю...
Цвітуць лугі, цвітуць лугі!
1965
НЕСПАКОЙ
У мяне ўсё добра, ціха, ясна.
Гэткі ж ясны і спакойны дзень.
Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай,
Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары
У абдымках густалістых ліп.
Углядаюся ў людскія твары:
Чый жа боль сягоння мне баліць?. .
1971
АГОНЬ УНАЧЫ
Няма святла.
Відаць, абрыў на лініі —
Вятрыска круціць, нібы ашалеў.
Прыклала ноч свае далоні сінія
Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў.
А мне — утульна, нечакана хораша,
Прыціхшы, слухаць буру і сябе,
Ступаць за думкай без шчымлівай горычы,
Як аратай за плугам пры сяўбе.
Ды раптам сэрца працяло трывожнае:
А што, калі з дарогі хто зблудзіў,
Ці проста страшна стала падарожнаму,
Што ў непагадзі ён зусім адзін?. .
Асмалак свечкі леташняй каляднае
Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй —