Читать онлайн «Мая Гродзеншчына»

Автор Алексей Карпюк

Аляксей Карпюк

МАЯ ГРОДЗЕНШЧЫНА

Нарыс

Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Мая Гродзеншчына. Нарыс, — Дзяржаўнае Выдавецтва БССР Рэдакцыя мастацкай літаратуры, Мінск 1960

Copyright © 2013 by Kamunikat. org

I. ЧАСЫ МІНУЛЫЯ

Гродзеншчына мае багатую і цікавую гісторыю.

Сівыя каменні гродзенскіх вуліц памятаюць Пятра I. Тут капаў ён першыя рэдуты, сустракаючы Карла XII перад Палтаўскай бітвай.

Гэта на Гродзеншчыне нарадзіўся і ў гродзенскіх лясах змагаўся ў 1863 годзе Валерый Врублеўскі, пазней генерал Парыжскай камуны, член I Інтэрнацыянала. Гэта пра яго сказаў Ленін, што памяць аб В. Врублеўскім «непарыўна звязана з найвялікшым рухам пралетарыяту ў XIX стагоддзі... »

З-пад Свіслачы распраўляў свае арліныя крыллі Кастусь Каліноўскі. Гэта Гродзеншчына спарадзіла і натхніла Элізу Ажэшку і Адама Міцкевіча, Цётку і Карскага.

Рэвалюцыйныя выступленні гродзенскага пралетарыяту пачаліся адначасова з выступленнямі рабочых Пецярбурга. Яшчэ і цяпер у нашых гарадах і сёлах жывуць матросы «Аўроры», уДзельнікі штурму Зімняга палаца, будзёнаўцы.

Пяць з паловай стагоддзяў таму назад, рыхтуючыся да Грунвальдскай бітвы з мечаносцамі, уся руская і польская армія рыхтавала ў гродзенскіх лясах зубровае мяса. Цяпер зубры жывуць толькі ў Белавежскай пушчы і ў заапарку.

Мяса хапае на калгасных фермах. Ды не толькі мяса! Гэта на Гродзеншчыне, у Скідзелі, паявіўся першы беларускі цукар! А на Брусельскай міжнароднай выстаўцы побач з мінскім самазвалам красаваліся і памнажалі славу Радзімы крышталёвыя вырабы з шклозавода «Нёман».

Амаль чатырыста гадоў таму назад польскі кароль Стэфан Баторы прывёз на Гродзеншчыну цэлую армію ксяндзоў і манахаў ордэна езуітаў і «падарыў» ім пятнаццаць тысяч прыгонных — мясцовых сялян. Але не пакарыў тутэйшых людзей.

Паводле дадзеных Гродзенскага архіва, у гарадскую турму ў красавіку 1934 года пілсудчыкі кінулі дзевяноста пяць мужчын і адзінаццаць жанчын, абвінавачваючы іх у «камунізме». А ў 1938 годзе ў сырых гродзенскіх казематах тамілася ўжо трыста два камуністы. Дзяўчаты, адсылаючы ў турму пасылкі, вышывалі таварышам на сурвэтках: «Хлопцы, стойце насмерць!»

— Стаім насмерць! — вуснамі паэта-вязня Валянціна Таўлая адказвалі ім з турэмных камер.

I сапраўды, стаялі! Стаялі і падбадзёрвалі другіх. У калектыўным пісьме, адасланым у рэспубліканскую Іспанію, гродзенскія камуністы-падпольшчыкі заклікалі байцоў Інтэрнацыянальнай роты імя Сяргея Прытыцкага:

— Стойце насмерць!

Сына беднай удавы Уладзіміра Кірвяка, сакратара падпольнай камсамольскай ячэйкі, паклікалі ў «пастарунак паліцыі панствовай». Камендант «пастарунка» з лішняй далікатнасцю запрасіў Кірвяка ў кабінет, пасадзіў за стол і сказаў:

— Раю вам ва ўсім прызнацца і расказаць аб падпольнай рабоце!

Кірвяк маўчаў. Тады камендант паказаў маток дроту і з цынічнай усмешкай прыгразіў:

— Не прызнаешся,— увесь гэты дрот будзе ў тваім жываце...

Валодзя маўчаў.

Праз некалькі дзён яго труп паліцыя аддала маці з заключэннем доктара: «Скончыў жыццё самагубствам, праглынуў сорак восем сантыметраў дроту... »

Звар'яцелая маці потым скардзілася суседзям: