Аляксей Карпюк
ВЕРШАЛІНСКІ РАЙ
Аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Вершалінскі рай. Аповесць, — Мінск: Выдавецтва, 1974. — 336 с. , іл.
Copyright © 2013 by Kamunikat. org
ПРАЛОГ
Раздзел першы
У вёсачцы Грыбоўшчына праваслаўныя жылі побач з католікамі. Адны і другія гутарылі тым самым, што і ў маім Страшаве, беларускім дыялектам са значным унлывам украінскай і польскай моў, густа перасыпаным германізмамі. На пытанне ж — беларусы яны ці палякі, упэўнена заяўлялі:
— Не-е, мы тутэйшыя! Нават гаварыць ні па-польску, ні па-беларуску не ўмеем! Па-просту гаворым! Гэта за каралём нас пісалі палякамі, за царом — рускімі; халера іх бяры, няхай сабе так і пішуць — абы нас не чапалі!
Паміж халупкамі Чарнецкага і Аўхімюка, якраз пад Станкевічавымі вокнамі, буяў пышны куст бэзу, а ля плота ляжалі валуны. Вечарамі прыходзілі сюды мужыкі з навінамі. 3 аднолькавай прагнасцю і ажыўленнем ад добрых навін і кепскіх слухалі яны і самі. Цёмных і забітых, але здаровых натурай людзей хвалявала галоўным чынам цячэнне быцця, яго падрабязнасці і перыпетыі.
Сёння за дзень сабралася навін шмат,
Карова Чарнецкіх прапарола сабе дручком бок.
На Алекшыцкай грэблі чорт завалок Вінцука ў дрыгву і утапіў чалавеку каня.
Гродзенскі губернатар Сталыпін прыдумаў рассяляць мужыкоў на хутары.
Крынкаўскі аптэкар уставіў сабе жалезную сківіцу.
— Учора аптэкар пасварыўся з дзяцьмі, і сын паабяцаў пабіць бацьку зубы,— апавядаў Чарнецкі Банадык, які днём ездзіў у Крынкі карове за карболкай. — Аптэкар кажа: «От напалохаў — аж да пят гарачэ стало!.
. » Тады выняў сківіцу, паставіў яе на стол і гаворыць: «На, сынок, бі!. . »Мужыкі сабраліся выбухнуць рогатам, ды з суседняга падворка азваўся плаксівы голас:
— Банадык, каб на цябе халера, што ты сабе думаеш?! Ці не абрыдне табе палітыкаваць там? Раскалі ідзі унь палено, бо сама рады не дам, чым варыць вячэру?! I кабыла звоніць зубамі аб пусты жолаб!. .
— Брашы там, брашы, а скончыш, то мне скажаш, добро?!— агрызнуўся на голас Банадык і пачаў апраўдвацца перад сябрамі: — Заразныя бабы так параспускаліса, што чалавеку і дыхнуць не дадуць! У Крушынянах адная таксамо прычапіласа да свайго, што ніколі вады не прынясе. Мужык пабраў вёдры, прывалок поўныя і лінуў праз парог. Тады прынёс другі раз і зноў — плюх!. . Восем разоў схадзіў да калодзежа, покуль яна не здагадалася падперці дручком дзверы!
На гэты раз ніхто не засмяяўся. Устанавілася няёмкая паўза. Было чуваць, як маладзіца няўмела цюкае сякерай і кляне, а ў хаце лямантуе дзіця.
Вяртаючыся да ранейшай тэмы, азваўся сур'ёзна Галамбоўскі:
— Пайшла цяпер мода такая. Настаўніку царкоў-напрыходскай школы Паўтарак выпараў вока, то настаўнік уставіў сабе шкляное, і не пазнаць ужэ, халера на яго, на якое чалавек сляпы!
— Але ці будзе ім бачыць? — усумніўся Базыль Аўхімюк. — Школі не паверу ў гэто! Шкляное — не сваё, што б ты мне ні казаў!
— Вядома! — падхапіў Майсакоў Пятрук. — Во, Хрыстос ні парашкоў не ведаў, ні пілюляў ніякіх, а сляпых рабіў відушчымі! Цяперака і лекараў столькі развялоса, і грошы дзяруць бязбожныя, а не чуваць штось, каб хоць адзін зрабіў такі цуд!