Читать онлайн «Талісман»

Автор Нил Гилевич

Ніл Гілевіч

ТАЛІСМАН

Вершы. Публіцыстыка

Падрыхтаванае на падставе: Гілевіч Ніл, Талісман: Вершы. Публіцыстыка — Мінск: Выдавецкі цэнтр Бацькаўшчына, 1994 — 224 с.

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

ІДЭЯ СПРАВЯДЛІВАЯ I НЕСМЯРОТНАЯ

Да ўрачыстага сходу ў гонар 75-й гадавіны абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1993 года

Шаноўная грамада!

Мы сабраліся, каб адзначыць 75-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. I дазвольце мне перш за ўсё сказаць вам: "Са святам, дарагія людзі! З вялікім нацыянальным святам!. . " На працягу многіх дзесяцігоддзяў гэта несумненна выдатная ў гісторыі нашага народа падзея падвяргалася безагаворачна негатыўнай ацэнцы, па сутнасці, рэзка і груба адмаўлялася як нібыта антынародная, варожая карэнным інтарэсам працоўных Беларусі. Адмаўленне гэтае тлумачылася ў першую чаргу артадаксальна класавай і вялікадзяржаўнай імперскай пазіцыяй крамлёўскага ўраду, які навязваў свой погляд і гуманітарыям-навукоўцам і шырокім колам грамадскасці ў якасці абавязковага. Якое б то ні было адступленне ад афіцыйнага погляду не дапускалася, фактычна, пытанне лічылася недыскусійным. У выніку — грамадская думка знаходзілася ў аблудзе, праўдзівая гісторыя БНР ад народа хавалася. Шкода ад гэтага грамадству чынілася вялікая, як і заўсёды, калі праўда топчацца, а хлусня перамагае. Што ж, нашы адносіны да сваёй уласнай гісторыі, наша здольнасць чарніць і закрэсліваць яе — ужо даўно набылі ў свеце сумную, ганебную для нас, вядомасць. Тое, чым трэба ганарыцца, — мы прыніжаем і аплёўваем.

Тое, што павінна аб' ядноўваць і гуртаваць нацыю, — у нас працуе на адчужэнне і канфрантацыю. Нават такія трагедыі, як Хатынь. Нават такія векапомныя даты, як дзень абвяшчэння БНР.

I ўсё ж — час ідзе наперад і робіць сваю справу. Беларусь стала незалежнай дзяржавай і ў якасці такой прызнана амаль усім светам. Паявілася магчымасць глянуць на Акт 25-га сакавіка 1918 года непрадузята, аб'ектыўна, вачыма людзей, якім дарагая праўда аб станаўленні сваёй уласнай дзяржавы, якой бы складанай і заблытанай, якой бы горкай і драматычнай гэтая праўда ні была. Сёння трэба надта ж не хацець прызнаць гэту праўду, а галоўнае — надта ж не хацець прызнаць новую гістарычную рэальнасць, новую незалежную дзяржаву на палітычнай карце Еўропы, — каб не бачыць бясспрэчна прагрэсіўны сэнс таго, што было здзейснена ў сакавіку 1918-га на Беларусі.

Утварэнне БНР было лёсавызначальным момантам у адраджэнні беларускай нацыянальнай ідэі, у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. I калі мы, грамадзяне Беларусі, з пачуццём годнасці і гордасці вітаем сёння сваю вольную незалежную Дзяржаву, дык жа мусім разумець і помніць, што гэтае радасці напэўнае не прыйшлося б нам зведаць, калі б не той далёкі пачатак, калі б не тая першая вяха на доўгім і пакутным шляху да перамогі справядлівасці. Ясней чым ясна, што без абвяшчэння незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі не магла б узнікнуць БССР. Ведаючы, якія былі адносіны да беларускай ідэі з боку Мяснікова, Кнорына, Ландэра і іншых кіраўнікоў бальшавіцкай дыктатуры на Беларусі, можна быць пэўнымі, што пра самастойную Беларускую Дзяржаву — хай сабе і савецкую і сацыялістычную — і гаворкі б у Крамлі не было. У сітуацыі ж, калі паявілася і была прызнана некаторымі дзяржавамі БНР, не даць вышэйшага дазволу на ўтварэнне БССР было немагчыма.