Читать онлайн «Паланэз Агінскага [Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002]»

Автор Нил Гилевич

Ніл Гілевіч

ПАЛАНЭЗ АГІНСКАГА

Лірыка. Паэмы.

1996 – 2002

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Паланэз Агінскага: Лірыка. Паэмы. 1996 – 2002 — Маладэчна 2002. — 141 с. , Бібліятэчка часопіса «КУФЭРАК Віленшчыны» № 6

Рэдактар: Міхась Казлоўскі

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

I СПЫТАЕ СУД ВЫСОКІ

Вершы

* * *

Тады, як зямная канчалася цвердзь

I сцежка зрывалася ў прорву, у багну –

Я нечага іншага, большага прагнуў,

Сляпак, я не думаў пра гібель і смерць.

А гібель зусім недалёка была.

Як здань-невідзімка хадзіла па следу.

Куды ні падамся, прыйду ці прыеду –

Глядзела-сачыла за мной з-за вугла.

Я ж быў неабачны - не знаў засцярог,

Даверлівы быў я - не помніў пра злыдняў,

I мог бы зрабіцца ахвярай бяскрыўднай...

Ды быў нада мною, напэўнае, Бог.

Таму і дагэтуль на цвердзі стаю.

I рад, калі скажа мне поціск далоні:

«Трымайся, таварыш! На родным загоне

Яшчэ ты не скончыў работу сваю!. . »

1996, чэрвень

* * *

Родная мова! Ты воч не расі!

Лёс твой - свабода.

Іменна та незалежнасць дасі

Духу народа.

Ты - чыя веліч, і моц, і краса

Толькі ўзыходзяць.

Ты - чыя слава наперадзе ўся,

У тысячагоддзях.

1997, травень

Я ВАС ЛЮБІЛА

Памяці Ліпы

У дамавіне, ўсланай палатном,

Акаймаванай крэпам і мярэжкай,

Яна заснула непрабудным сном

З ледзь-ледзь прькметнай на губах усмешкай.

Яе надзіва маладжавы твар,

Без следу мук і без маршчынак жорсткіх,

Не страціўшы зямнога хараства,

Прыдбаў якойсьці іншай прыгажосці.

Высокае адкрытае чало

Красою вечнасці ўжо аддавала.

I нешта царственнае ў ёй было,

I штось ад Маці Боскай праступала.

Яе спакойны, чысты, як абраз,

Застыглы воблік, перад свечкай з цэрквы,

Як быццам гаварыў да ўсіх да нас;

«Не плачце!. . Гэта лепш, чым боль нясцерпны.

Вы знаеце, як я хацела жыць,

Каб радавацца вам - я вас любіла.

I каб у Бога літасць заслужыць –

Усё, што ўмела, для дабра рабіла.

Я дажывала дні свае з мальбой,

Каб лёс да вас быў болей літасцівы.

I не бяда, калі душы маёй

Аднойчы вы не клікнеце ў гасціны.

Я не пакрыўджуся... Далёка, там,

Дзе ўсё пад знакам вечнага прычасця,

Я буду думаць, што напэўна ж вам

Бог большай мераю адмераў шчасця».

1997, травень

УМЯШАННЕ Ў ЧУЖУЮ РАЗМОВУ

Ну так, на Парнасе не дзіўнае штось –

I графаманы, і фальсіфікатары.

I блазны з пароды юродзівых ёсць.

I нават, шануючы вас, правакатары.

Усякіх хапае. Ды што - графаман

Ці блазен? Пашліце іх к чортавай матары –

I будуць грымець вам на ўсю глухамань

Бясспрэчныя таленты і... правакатары.

Па чым іх адрозніць - ці гэны, ці не?

Па рэху, што коціцца ўдаль з перакатамі.

Так ёсць і так будзе, дзе вечна ў цане

Даносчыкі, сышчыкі і правакатары.

1997, жнівень

О, ЯК ЯНЫ НАТХНЯЛІ...

О, як яны натхнялі,

Папоўзаўшы па вершах,

Паэтаў беларускіх

На вылет у прастор:

З акна або з балкона

Аношняга паверха –

На тратуар каменны

Ці на каменнн двор!. .

1997, жнівень

Я ГЛЯДЗЕЎ...

Я глядзеў на краскі ў лузе майскім:

Як зырчаць яны ў густой траве!

I ў той вязі, што спляталі краскі,

Прачытаў я: Беларусь жыве!

I гукнуў ад радасці: браты!

Вось ён - сімвал нашай праваты!

I калі хто духам паў у скрусе –

Учытайся ў красак вязь на лузе!

Я глядзеу на белае каменне,

Што з раллі тырчала па зіме.