Читать онлайн «Машыны неба»

Автор Виктор Лупасин (Ываноў)

Віктар Лупасін

Машыны неба

Вершы

МАШЫНЫ НЕБА

Машыны неба, машыны неба!

Лунаюць вольна куды iм трэба,

Куды скiруе рука пiлёта,

I iм ня страшныя дождж i слота.

Машыны неба, машыны неба

Пад сiнiм морам над морам хлеба,

Палямi Астраханяў ды Ўкрайнаў,

Над парушыначкамi камбайнаў!

Дажджы — унiзе. Наверсе — сонца.

У неба можна ляцець бясконца.

Ляжаць аблокi саладкавата,

Нiбы цукровая ў небе вата.

I дырыжаблi, i самалёты,

I стратастаты, i iх пiлёты

Лятуць у небе, а не ў кар'ерах,

Ад часу першага мангальф'ера!

Машыны неба, машыны неба!

Бёрн, Адамстаун, Адыс-Абэба!

Паветра волi, пяром апета

I апяяна радком паэта!

Ту-104

Ту-104,

Ты — рэактыўны,

Пераганяеш ровар спартыўны,

Перамагаеш аўтамабiлi

I цягнiкi, i стаеш ты на крыльле!

Нiтачкi рэк унiзе я бачу.

Ўсе самалёты забавай юначай

Мне падаюцца.

Чуеш —

Ляцiм!

От напiшу артыкул у «ЛiМ»!

З верхняга ракурсу

Ўсё

Цiкава!

На самалёце —

Цукеркi,

Кава.

Радыё ёсьць; а ў баулах дарожных —

«Тэхнiка — моладзi» пра спадарожнiк.

Я да канца яе не дабяруся —

А мы ўжо вылецiм

Зь Беларусi!

***

Паляцелi на ракетапляне!

Ўнiзе застанецца картаплянiк,

Стадыён, i парк, i наш Дняпро.

Ён намаляваны на малюнку;

Як вялiкi глёбус ён маленькi,

Лёгкi, быццам цяжкае пяро.

Мы натрапiм на вялiкi востраў,

Пераб'ем усiх зеленахвостых,

У балота злога караля

Скiнем — i назад да месцаў родных.

Выбiрайце, на якiх выходных

Рушым, малалетачка мая!

***

Мой пэдальны арнiтоптэр

шкрып-шкрып

Арнiтопчацца на ўзлёце

шкрып-шкрып

На пэдалi цiснуць тапцi

шкрып-шкрып

Ў парку лiсьце на аблёце

шкрып-шкрып

Ён стаiць на тонкай раме

шкрып-шкрып

I шавурыцца крыламi

шкрып-шкрып

Пахне ржою i вар'яцтвам

шкрып-шкрып

I з'яўляецца мастацтвам

шкрып-шкрып

Ўсё пяе цiхую песьню

шкрып-шкрып

I штаны мае запэцкаў

шкрып-шкрып

Гiсторыя, якой не было

Дым паганы, дым паскудны,

Гэць у мех!

Мех вялiкi, мех магутны,

Едзь уверх!

Пот i сьлёзу, пот i сьлёзу,

Злыдзь — ганi!

Над бярозу, над бярозу

Выцягнi!

Над народы, над гароды,

Над зямлю!

Дай пароды, дай уроды,

Ай-люлю!

А потым мужык аж паперся на высь,

На самай высознай бярозе павiс

Ды хутка на траўку зялёную споўз,

Нiбыта павольны сьлiмак альбо смоўж.

Апасьля яго судзiлi,

А лятаць забаранiлi,

I ад гэтае пары

Ён падаўся ў песьняры.

Птэрадактыль

Я — птэрадактыль

У пошуках рыбаў.

Бачу квадраты

Дачных сядзiбаў.

Бачу сьляпучы

Сонечны дах.

Бачу мурашак на дзьвюх нагах.

Рыбы ня бачу.

Самак ня бачу.

Вымерлi самкi

З гора, няйначай.

Папараць-кветак

Тут не чуваць.

Трэба, напэўна, зноў засынаць.

— Глядзi, птэрадактыль!

— Якi птэрадактыль?

Пэўна, на сонцы

Сплавiў свой дах ты!

— Бусел, напэўна,

Цi салавей.

Пойдзем у дом да гасьцей.

Беларускаму сялянству

Сялянства, мы прымаем эстафэту!

Вы мову нашых продкаў зьбераглi,

А мы цяпер баронiм мову гэту

На ўсёй вялiкай нашае Зямлi!

Сялянства, мы прымаем эстафэту!

Мы не варожы, а сяброўскi клас.

Цяпер мы давядзем усяму сьвету,

Што мы — дастойныя нашчадкi вас!

Сялянства, мы прымаем эстафэту!

Пазьней пры дапамозе карабля

Мы трапiм на далёкую планэту,

I гэта будзе новая Зямля!

Самы маленькi

Самалёт Беларусi —

Часцiнка пылу

Элегiя

На цiхiм правiнцыйным касмадроме

Расьце трава, i хлопчык пасьвiць коз.

Ў маленькiм прахалодным белым доме

Ляжаць аскепкi шыб i ржавы трос.