Читать онлайн «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта»

Автор Ян Барщевский

Ян Баршчэўскі

Драўляны Дзядок і кабета Інсекта

ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА

Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.

Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.

— Проша, проша, — шчыра адказаў ён.  — Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.

Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.

— Не палохайся, — кажа гаспадар, — чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.

Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: «Klauber Svulpsіt»[1] і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнація Лаёлы[2], Андрэя Баболі[3], Францішка Ксаверыя[4] і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.

З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям'ю.

— Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? — спыталася гаспадыня.

— Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.

— А як даўно пакінуў родны край?

— Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:

— Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу ўспомніць.

Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:

— Я З[5]…, мы былі калісьці школьнымі таварышамі.

І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.

Пасля пан З… зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:

— А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.