Читать онлайн «Адвечны покліч Радзімы»

Автор Анатоль Бутэвіч

Annotation

Дарагі дружа!

Не стамляйся шукаць ісціну. Стомлены чалавек не адужае дарогу жыцця.

А веды дадаюць дужасці, сілы, мудрасці. Так заўсёды лічылі нашы продкі. І нястомна імкнуліся да святла ісціны і праўды. Таму на ўсім гістарычным шляху пакідалі свае памятныя адзнакі, свае апазнавальныя знакі. І дагэтуль яны ўяўляюцца яркапраменнымі маячкамі, што пазначаюць шлях з мінулага ў будучае, яднаюць дзень учарашні з днём сённяшнім.

Гэтаксама яднаюць нашу гісторыю з сучаснасцю выдатныя помнікі архітэктуры, духоўныя здабыткі продкаў, унітаваныя ў агульнаеўрапейскі кантэкст беларускія з’явы і падзеі, выдатныя постаці рупліўцаў-папярэднікаў. Пасеяная імі ніўка сёння шчодра каласіцца умалотным ураджаем.

Разгарні кнігу і ты пераканаешся ў справядлівасці гэтага.

Цягам пяці стагоддзяў узвышае людскі дух цудатворны Мінскі абраз Божай Маці.

Прамудрасцю Боскай асвятляе беларускі шлях Полацкая Сафійка.

Згублены ў часе крыж Льва Сапегі праменіцца не толькі святасцю, а і душэўнай шчырасцю і шчодрасцю яго стваральніка і фундатара.

Дагэтуль уражвае праніклівай мудрасцю і ўсебаковай дасведчанасцю беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, аўтар выдатнай паэмы-хваласпеву ў гонар Вітаўта Вялікага “Песня пра зубра”.

Адзін з вядомых і ўплывовых у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай магнацкі род Радзівілаў здзіўляў свет не толькі сваімі дабрадзейнымі справамі, а і не менш знанымі дзівацтвамі і штукарствамі.

Апантаны паслядоўнік навуковых ідэй італьянскага мастака Ленарда да Вінчы беларус Казімір Чарноўскі нават у вусцішных камерах-адзіночках царскіх турмаў здолеў стварыць праект першай у Расіі падводнай лодкі.

Нястомным сэрцам б’ецца на падобным на кляновы лісток беларускім абшары самае загадкавае і гаючае возера Нарач.

Пра гэтыя залацінкі-цуды роднай Беларусі наш расказ. Ён дапаможа табе прасвятліцца ісцінай, зразумець мудрую велічнасць спраў і дзеяў нашых улюбёных у сваю зямлю і жыццё продкаў. Прыслухайся да парады нашага вядомага паэта Міхася Стральцова і Паяднай пачатак і канец –

Азарацца памяці скляпенні,

Каб пад імі сталі палымнець,

Ясніцца мінулыя імгненні.

ПОЛАЦКІ САФІЙСКІ САБОР

РАДЗІВІЛЫ

ВОЗЕРА НАРАЧ

ПАДВОДНАЯ ЛОДКА КАЗІМІРА ЧАРНОЎСКАГА

МІНСКІ АБРАЗ БОЖАЙ МАЦІ

“ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА” МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА

КРЫЖ ЛЬВА САПЕГІ

Анатоль Бутэвіч

Адвечны покліч Радзімы

ПОЛАЦКІ САФІЙСКІ САБОР

Велічнай белакрылай чайкай лунае над  рачнымі хвалямі, купаецца ў іх, глядзіцца, як у люстэрка, Полацкі Сафійскі сабор. Здаецца, знарок выпырхнуў на дамінуючы пагорак, каб сваім святым блаславеннем атуляць беларускую зямлю. Каб адусюль бачыцца спаконвечным сімвалам мудрасці і шчырасці нашых продкаў, поклічным арыенцірам на шляху да  духоўнасці і самапавагі.

А яшчэ высока ўзнесла Сафійка галаву дзеля таго, каб перагуквацца са сваімі адзінавернымі сёстрамі – Сафіяй Кіеўскай і Сафіяй Наўгародскай. Так, відаць, задумана было творцамі гэтых перлін архітэктурнай дасканаласці, каб тры славянскія народы мелі адзін духоўны накірунак, каб не збочылі ў невядомасць, не зніклі, не растварыліся ў сусвеце. Але было і суперніцтва – за сваю самаіснасць, за велічнасць кожнай зямлі, за права быць самастойным і дужым княствам, якое можа не толькі фізічна абараняць сябе, але духоўна загартоўвае свой народ.