Макс Шчур
Галасы
Апавяданні і аповесць
© Шчур М. , 2017
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
І. З галерэі знаёмых вар’ятаў
Сніч
Чысты кашмар не можа цягнуцца доўга, іначай бы ён нас забіў.
1
Я сяджу ў вясковым бары і тупа ўтыкаю ў вялізны экран тэлевізара, намагаючыся не слухаць, што ў ім кажуць. Я змагаюся са спакусай дастаць нататнік і запісаць папярэднюю фразу, але баюся таго, як адрэагуе на гэты рух наваколле. Напрыклад, бармен, я перакананы, тут жа прапануе мне мініяцюрную настольную лямпу, каб я не псаваў вачэй, а бухі вясковы панк зноў будзе выбачацца за сваю цікаўнасць і пачне пытацца, што гэта я пішу ці чытаю. Да таго ж мне няма часу занатоўваць усякіх лішніх пабочных фразаў: я мушу цалкам засяродзіцца на сваім заданні. Гэта значыць, прачысціць сабе мазгі, каб магчы на працягу ночы забыцца глыбокім сном праведніка.
– Што думаеш пра Украіну? – пытаецца ў мяне пажылы бармен, вышрубоўваючы ручніком з памытага келіха рэшткі чыёйсьці нядаўняй асалоды.
– Ды поўны капец, – бяздумна адказваю я, імкнучыся падкрэсліць гутарковым выразам сваё эмацыйнае дачыненне не столькі да ўкраінскіх падзей, колькі да навакольнага асяроддзя: маўляў, я тут свой. Пра Украіну я зусім не думаю, колькі можна.
– Па-мойму, яе падзеляць, – прадказвае бармен і ўздымае вочы ў чаканні маёй рэакцыі – марна. – З другога боку, – працягвае развагу ён, – улады гэтага не дазволяць. Цяміш, пра што я?
– Не, – шчыра прызнаюся я.
– Пастраляюць іх там, – тлумачыць бармен. Я толькі паціскаю плячыма, і бармену не застаецца нічога іншага, як зноў пачаць уголас размаўляць з тэлевізарам, пасылаючы на тры літары як герояў і аўтараў рэпартажу, так і дыктараў у студыі.
Мне цяпер насамрэч ужо не да Украіны. Асабліва пасля ўчорашняй сустрэчы з Замоўцам, які нагадаў мне пра мае нявыкананыя абавязкі й нясплачаныя пазыкі. Некалькі маіх папярэдніх вырабаў забракавалі: цяпер я мушу адпрацаваць атрыманыя пад іх задаткі, дый яшчэ з працэнтамі, а часу на гэта вобмаль.
У бары мяне лічаць інтэлектуалам, хаця не маюць найменшага ўяўлення, чым я насамрэч займаюся. Калі б я меў дастаткова нахабства й глупства ў гэтым прызнацца, то ўпаў бы ў грамадскай іерархіі вёскі яшчэ ніжэй (калі гэта толькі наогул магчыма). Але затойваць гэтага перад вамі я не маю ніякіх падстаў: я, як ні сорамна ў гэтым прызнацца, літнегр. Працую на вялікае выдавецтва, што займаецца серыйным вырабам бестселераў. Ужо некалькі гадоў я атрымліваю ад іх заробак і пры гэтым па-ранейшаму выконваю самую чорную працу. Не, у маю задачу не ўваходзіць прыдумленне тупых сюжэтаў ці апісанне яшчэ тупейшых храпаў галоўных герояў-суперсамцоў, пералік усіх кшталтаў выкарыстанай імі зброі ці стварэнне шматзначных ключовых дыялогаў, вынаходніцтва яшчэ не выпрабаваных спосабаў забойства й сэксуальных позаў ці моўная рэкагнасцыроўка месцаў дзеяння з дапамогаю «Гугл мэпс» – усім гэтым займаюцца іншыя, больш пільныя, таленавітыя й перадусім маладзейшыя калегі, кожны з якіх спецыялізуецца на нейкім адным з аспектаў будучай фікцыі. У мае абавязкі ўваходзіць толькі распрацоўка літаратурных сноў. Праз тое, што далёка не кожны з персанажаў камерцыйных выданняў здольны сніць, працы ў мяне небагата – пра мяне звычайна згадваюць пад самы канец працэсу, калі раптам спраўджваюць, што дзеля рытму апавядання варта было б адлюстраваць яшчэ і гэтую траціну жыцця якой-небудзь з постацяў. Збольшага замаўляюць сны прарочыя (я іх найбольш ненавіджу праз тое, што яны звязаныя з дзеяннем), эратычныя, часам у жанры камедыі, часам такія, што павінны адкрыць нам нейкі з невядомых аспектаў папярэдняга жыцця персанажа, і г. д.