Читать онлайн «Афганская шкатулка»

Автор Андрэй Федарэнка

Андрэй Федарэнка

Афганская шкатулка

Афганская шкатулка

Пралог

Герой першы.  — Чаканне прафесара Пятроўскага.  — Магнітафон «Вясна» як важны элемент аповесці. — Сябар-зямляк.  — Споведзь «афганца».

Перад «ціхай гадзінай» дзверы ў палату нумар пятнаццаць расчыніліся і на парозе ўзнік малайцаваты доктар — у белай шапачцы і ў белым халаце, з-пад якога выглядвалі ваенныя галіфэ і наваксаваныя боты.

Пры яго з'яўленні хворыя паўскаквалі з ложкаў, але доктар не звярнуў на іх увагі. Заклапочана агледзеўся, заўважыў, што каля сцяны, пры самых дзвярах ёсць незаняты ложак, павярнуўся і скамандаваў у калідор:

— Сюды давайце!

Двое санітараў укацілі ў палату насілкі. Чалавек на іх увесь закрыты быў прасцінаю. Збоку трэці санітар нёс у руцэ кропельніцу.

Прасціну сцягнулі і асцярожна пачалі перакладаць на ложак тое, што пад ёй знаходзілася… Гэта быў увесь у бінтах і ў гіпсе абрубак. У яго не было адной нагі і па плечы абедзвюх рук. Круглая, як шар, галава была цалкам забінтаваная — з бінтоў выглядаў толькі нос, каб дыхаць, і рот, каб есці.

Калі санітары, уладкаваўшы сяк-так няшчаснага, выйшлі, доктар звярнуўся да хворых:

— Ну што, хлопцы (хлопцы як паўскаквалі, так стаялі каля ложкаў, рукі па швах), — вось вам новенькі. Самі бачыце, які ён. Да ўсяго яшчэ і без вачэй, зусім сляпы. І асколкамі ўвесь нашпігаваны. Так што глядзіце тут яго, не крыўдзіце… Тым больш гэта мой зямляк. З Беларусі, як і я.

Доктар — Пратасевіч было яго прозвішча — ніколі не прамінаў лішні раз нагадаць, што ён беларус. Увесь шпіталь ужо ведаў аб гэтым. З Мінска прыслалі яго сюды на «курсы падвышэння кваліфікацыі» — аб гэтым ён таксама расказваў, ужываючы менавіта такое словаспалучэнне. Як і для большасці таленавітых дактароў, хворыя былі для яго ўсяго толькі чалавечым матэрыялам, а ў працы з матэрыялам і сапраўды трэба ж неяк «падвышаць кваліфікацыю».

— А што з ім, з вашым земляком? — спыталіся ад вакна.

— Афганістан, — коратка адказаў доктар.

— Як… Афганістан?

— Ізноў? — зашумелі здзіўленыя хворыя салдаты.

Справа ў тым, што ўсё гэта адбывалася вясной 1990 года. Калі верыць газетам і тэлевізару, вывад войскаў з «Аўгана» даўно закончыўся, баявыя дзеянні там ужо не вяліся. Прынамсі сюды, у славуты на ўвесь Саюз Падольскі ваенны шпіталь параненыя перасталі паступаць са студзеня месяца. Толькі «старыя» ляжаць, іх яшчэ цэлы корпус у правым крыле шпіталя.

Так што зразумела было здзіўленне салдат.

— Апошняя партыя, — патлумачыў доктар.  — Не пашэнціла беднаму. Дэмабілізаваўся, ехаў дамоў… Ну, каля Кандагара іх і накрылі. «Уазік» у ашмёткі разнеслі з гранатамётаў. Як ён увогуле ацалеў — незразумела!

— А чаму да нас яго?

Таксама заканамернае пытанне. Палата нумар пятнаццаць лічылася лёгкай, рэабілітацыйнай і памяшчалі сюды толькі тых, каму неўзабаве на выпіску.

— Часова. Прафесар Пятроўскі павінен яго агледзець. Потым перавядзем у асобную палату. Так што тут ён не залежыцца.

Нарэшце гаваркі доктар пажадаў усім хуткай папраўкі і выйшаў. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, хлопцы пападалі ў ложкі — рукі пад галаву, вочы ў столь — і загаманілі хто пра што, толькі не пра знявечанага «афганца». На двары стаяла падмаскоўная вясна. Яна ўрывалася ў расчыненае вакно радасна-трывожнымі сваімі пахамі і гукамі. Шпітальны корпус патанаў у зеляніне. П'яна пахла чаромха. Заліваліся — нават цяпер, удзень — салаўі. На спартыўнай пляцоўцы гулялі ў валейбол.